Указ № 13 утрая скароціць чаргу на будаўніцтва


Забудоўнікі кажуць, што адмена льготнага крэдытавання негатыўна адаб’ецца на працэсе будаўніцтва па ўсёй краіне

На пачатку студзеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 13, паводле якога ўсталёўваюцца новыя ўмовы льготнага крэдытавання. Гэты дакумент прадугледжвае, што будуць выдаваць пяць тыпаў ільготных крэдытаў, на якія могуць разлічваць асобныя катэгорыі грамадзянаў. Першая – гэта шматдзетныя сем’і, якія змогуць атрымліваць крэдыты тэрмінам на 40 гадоў пад 1 % гадавых. Другая катэгорыя – чаргавікі, якія жывуць у малых гарадах (з насельніцтвам да 20 тыс. чалавек, напрыклад, у Мастах, Лепелі, Жабінцы, Чачэрску). Яны змогуць атрымліваць крэдыты з адсоткаваю стаўкаю, якая складзе 10 % ад стаўкі рэфінансавання (на сёння гэта 4,5 %). Трэцяя катэгорыя – працаўнікі сілавых ведамстваў, пракуратуры і судоў, а таксама вайскоўцы, якія працягваюць крэдытавацца ў межах папярэдняга ўказу № 195. Змены іх не закранулі, памер стаўкі складае ад 3 да 5 %. Чацвёртая катэгорыя – гэта чаргавікі, якія жывуць у буйных гарадах. Для іх прадугледжаныя крэдыты пад 9 % гадавых. Нарэшце, пад 22,5 % гадавых змогуць узяць крэдыт сем’і, якія выхоўваюць двух няпоўнагадовых дзяцей. Крэдыты на агульных падставах выдаюць пад 31 % гадавых.

Такія тарыфныя стаўкі большасці сем’яў не па кішэні, таму варта чакаць, што чэргі скароцяцца на траціну, людзі будуць адмаўляцца ад будаўніцтва. «Калі гэтыя людзі за адзін раз выйдуць са сваіх жыллёва-будаўнічых вытворчых кааператываў, то ў ўзнікнуць цяжкасці з фінансаваннем, – кажа дырэктар кансультацыйнай кампаніі «Віва Капітал» Вадзім Тачкін. – Бо на замену гэтым людзям прыйдзецца нейкі час шукаць новых дольнікаў, якія стаяць на чарзе як маламаёмасныя. Для будаўнічага працэсу гэта будзе горш, чым пакінуць гэтых людзей, каб яны дабудавалі кватэры. І адшукаць у бюджэце на гэта грошы».

Больш за тысячу менскіх дольнікаў звярнуліся ў Адміністрацыю прэзідэнта з патрабаваннем перагледзець указ № 13. У лісце адзначаецца, што са змяненнем умоваў ільготнага крэдытавання «людзі страцяць магчымасць завяршыць пачатае будаўніцтва».

«Памеры нашых прыбыткаў несувымерныя з коштам кватэраў пры завяршэнні будаўніцтва ўласнымі сіламі, без прыцягнення льготных крэдытаў. А для афармлення крэдытаў на агульных падставах пад 31 % у ААТ «ААБ Беларусбанк», якія нам цяпер прапаноўваюць як альтэрнатыву льготнаму крэдытаванню, узровень прыбыткаў павінен значна перавышаць наяўныя прыбыткі ўсіх чальцоў ЖБВК [жыллёва-будаўнічых вытворчых кааператываў], сфармаваных раённымі адміністрацыямі з ліку малазабяспечаных грамадзянаў, якія маюць патрэбу ў маёмасці», – гаворыцца ў звароце.

Аднак чыноўнікі даюць зразумець, што пераменаў у гэтай справе чакаць не варта. Гэтак, міністр архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Гарваль раіць усім, хто не мае сродкаў будавацца за свой кошт або за кошт крэдытаў пад высокія стаўкі, пераязджаць з Менску ў малыя гарады. «У гарадах, дзе жыве не болей за 20 тысяч чалавек, згодна з новымі правіламі, грамадзяне змогуць атрымаць крэдыт пад 10 % стаўкі рэфінансавання. Гэтая ўмова прапісаная ва ўказе для таго, каб стварыць прыток рабочай сілы ў малыя гарады і зменшыць насельніцтва ў буйных гарадах», – кажа чыноўнік.

Разам з тым, улады кажуць, што дамовы, заключаныя да прыняцця ўказу № 13 (6 студзеня 2012 г.) мусяць выконвацца згодна з папярэднімі заканадаўчымі актамі. Аднак дольнікі па-ранейшаму не атрымліваюць перавод крэдытаў ад «Беларусбанку», а таму вымушаныя аплачваць будаўніцтва за свой кошт.

belsat.eu

Стужка навінаў