Элегантная перамога Нурсултана


Паводле афіцыйных вынікаў выбараў, у казахстанскі парламент увайшлі тры партыі. Эксперты лічаць гэта вымушанаю саступкаю Назарбаева, якая тлумачыцца нядаўнімі пратэстамі ў Жангаўэзене.

Кіроўная партыя “Нур Атан” (“Святло Бацькаўшчыны”) упэўнена перамагла, набраўшы каля 81 % галасоў. Дзве іншыя партыі, што перайшлі выбарчы парог 7 %, неабходныя дзеля атрымання месцаў у парламенце, збольшага сімпатызуюць ураду.

“Паводле папярэдніх звестак, атрыманых ад выбарчых камісіяў абласных гарадоў ды Астаны і Алматы, галасы выбарцаў размеркаваліся наступным чынам: За народна-дэмакратычную партыю “Нур Атан” прагаласавалі 80,74 % выбарцаў, за Партыю патрыётаў Казахстану – 0,89 %, за дэмакратычную партыю Казахстану “Ак жол” – 7,46 %, за агульнанацыянальную сацыял-дэмакратычную партыю – 1,59 %, за Камуністычную народную партыю Казахстану – 7,2%”, – паведаміў старшыня казахстанскай выбарчай камісіі Куандык Турганкулаў.

У краіне 9,3 млн зарэгістраваных выбарцаў, яўка склала 75 %.

Нурсултан Назарбаеў абвесціў перамогу сваёй партыі сімвалам нацыянальнага адзінства пасля пратэстаў Жангаўэзене, у выніку якіх загінулі прынамсі 16 чалавек. “Жыхары Жангаўэзену зрабілі свой выбар! Больш за 70 % аддалі свой голас за партыю “Нур Атан”, – заявіў кіраўнік краіны.

Нягледзячы на афіцыйныя заявы аб празрыстасці выбараў, апаненты Назарбаева не пагаджаюцца з вынікамі галасавання. Шмат хто з іх быў выдалены з выбарчых лістоў, а некаторыя незалежныя партыі, такія, як “Алга” не былі зарэгістраваныя.

belsat.eu

Стужка навінаў