66-ты дзень пратэстаў. Галоўнае


Belsat.eu падводзіць вынікі чарговага дня супрацьстаяння беларускага народу і ўладаў.

Пратэсты

У Менску днём 13 кастрычніка зноў прайшлі студэнцкія пратэсты. Акцыі салідарнасці каля сваіх ВНУ ладзілі студэнты МДЛУ, БНТУ, БДЭУ, Акадэміі мастацтва, а таксама навучэнцы ФФСН, журфаку, біяфаку і юрфаку БДУ.

Сядзячую акцыю пратэсту супраць гвалту правялі працаўнікі Акадэміі Навук. А ў Берасці медыкі выстраіліся ў ланцуг салідарнасці, каб падтрымаць свайго затрыманага калегу, рэаніматолага Цімура Лазко.

Увечары пратэсты былі зафіксаваныя на Партызанскім праспекце, ва Ўруччы, Лебядзіным, Шабанах і Чыжоўцы. На Ангарскай людзі з бел-чырвона-белымі сцягамі блакавалі дарожны рух.

А на Гамарніка ў Зялёным Лузе нават палілі пакрышкі. Праўда, няма пацверджанняў, што гэта было звязана з пратэстамі.

А на перакрыжаванні Сурганава і Кузьмы Чорнага сілавікі нават распачалі страляніну. Дэталі здарэння пакуль невядомыя.

Гвалт сілавікоў і салідарнасць грамадства

Вялікі рэзананс атрымала гісторыя затрымання і збіцця 34-гадовага ўладальніка кветкавай крамы «Первый Цветной» Максіма Харошына, вядомага тым, што на жаночых маршах ён раздаваў кветкі дзяўчатам.

Да аўтамабіля Максіма пад’ехалі два аўта з невядомымі ў балаклавах. Мужчыну «дасталі» з машыны, і з заламанымі за спінаю рукамі «суправадзілі» ў мікрааўтобус. Яго адвезлі ў РУУС, адкуль Харошына потым забрала хуткая дапамога.

«Максіма вывелі збітага. Ён ледзь мог нешта казаць. Але распавёў, што ў РУУС яго білі нагамі і дубінкамі», – паведаміла belsat.eu адвакатка сямʼі Юлія Леванчук.

Паводле Максіма Харошына, працаўнікі міліцыі яго вінавацілі ў тым, што ён нібыта разабраў вадамёт падчас маршу 4 кастрычніка, падпаліў дачу камандзіра сталічнага АМАПу Дзмітрыя Балабы. Але адвакатка Максіма лічыць, што мужчыну затрымалі за актыўную пазіцыю і за ўдзел у мітынгах супраць гвалту.

Харошына шпіталізавалі з падазрэннем на пералом носа і ацёкі ўнутраных органаў. Дыягнаставаная чэрапна-мазгавая траўма і шматлікія пабоі.

Менчукі прыйшлі ў краму Максіма Харошына, каб набыць кветкі і падтрымаць уладальніка, якога сёння збілі міліцыянты.
Фота: ТК / belsat.eu

Увечары ў знак салідарнасці менчукі выстраіліся ў чаргу да крамы Максіма і скупілі там усе кветкі.

Ультыматум Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская абвесціла Аляксандр Лукашэнку народны ультыматум: цягам 13 дзён Лукашэнка мусіць сысці ў адстаўку, спыніць гвалт сілавікоў і вызваліць палітвязняў.

«Калі да 25 кастрычніка нашы патрабаванні не будуць выкананыя, уся краіна мірна выйдзе на вуліцы з Народным ультыматумам. І 26 кастрычніка пачнецца нацыянальная забастоўка ўсіх прадпрыемстваў, блакаванне ўсіх дарог, абвал продажаў у дзяржаўных крамах. У вас ёсць 13 дзён, каб выканаць тры ўмовы. У нас ёсць 13 дзён, каб падрыхтавацца і ўвесь гэты час беларусы будуць працягваць свой мірны і настойлівы пратэст.

Вы спрабуеце паралізаваць жыццё нашай краіны, не разумеючы, што Беларусь – гэта больш, чым рэжым. Беларусь – гэта мацней, чым рэжым. Раз вы чакалі загаду – то вось загад. І тэрмін яго выканання – да 25 кастрычніка», – адзначыла Ціханоўская.

Адначасова Каардынацыйная рада апублікавала заяву, у якой заклікала ўлады спыніць эскалацыю гвалту, расследаваць факты жорсткіх дзеянняў сілавікоў і вызваліць палітвязняў. Таксама КР звярнулася і да беларускага народу:

«Мы заклікаем беларускае грамадства, увесь беларускі народ праявіць цярпенне і вытрымку, давесці да канца нашу мірную рэвалюцыю. Мы ні ў якім разе не павінны паддавацца на правакацыі і адказваць на жорсткасць жорсткасцю».

Двое працаўнікоў PandaDoc выйшлі на свабоду

Двое палітвязняў, працаўнікоў PandaDoc 13 кастрычніка выйшлі на волю: галоўнай бухгалтаркі Юліі Шардыкі і HR Уладзіславу Міхалапу змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе.

Раней, 11 кастрычніка, з СІЗА КДБ выйшаў дырэктар PandaDoc Дзмітрый Рабцэвіч, які быў сярод удзельнікаў сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у СІЗА КДБ. Пад вартай застаецца яшчэ адзін супрацоўнік PandaDoc – менеджар па прадукце Віктар Куўшынаў.

Агулам у сувязі з выбарчай кампаніяй і пратэстамі ў Беларусі былі распачатыя крымінальныя справы супраць больш чым 350 чалавек. 95 з іх ужо прызнаныя палітвязнямі.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў