Мікалая Статкевіча змясцілі ў Магілёўскую турму № 4


Гэтую інфармацыю ягонай жонцы Марыне Адамовіч афіцыйна пацвердзіла кіраўніцтва спецустановы.

“Колькі цягнуўся этап, дакладна не вядома. Але спадзяюся, гэта канчатковы пункт, і Мікалая больш нікуды не павязуць”, – распавяла “Белсату” Марына Адамовіч. У Беларусі ёсць яшчэ дзве крытыя турмы – у Горадні ды Жодзіне, аднак туды змяшчаюць гэтак званых “рэцыдывістаў”, тлумачыць Марына Адамовіч.

На наступным тыдні жанчына збіраецца наведаць Магілёўскую турму. “Як прапісана ў законе, вязні “крытак” маюць права на адно кароткатэрміновае спатканне за год і на адну харчовую бандэроль. То бок, як раней гаварыў Мікалай, гэта фактычна катаванне голадам”, – гаворыць Марына Адамовіч. Яна спадзяецца, што ўсё ж абмежаванні будуць не такія жорсткія і збіраецца асабіста высветліць усе акалічнасці ў кіраўніцтва турмы.

Нагадаем, 12 студзеня ў Шклоўскай калоніі, дзе адбываў пакаранне экс-кандыдат на прэзідэнцтва Мікалай Статкевіч, адбыўся суд. Зняволенага палітыка абвінавацілі ў “злосным парушэнні рэжыму “ і прысудзілі да 3 гадоў зняволення ў крытай турме.

Марына Адамовіч лічыць, што жорсткі ціск на Мікалая Статкевіча ды іншых палітвязняў ідзе на замове “зверху”: “Далі каманда ізаляваць “дзекабрыстаў” цалкам. Каб іхны голас нават не выходзіў на волю. Дасягаецца гэта рознымі спосабамі: Міколу вось змясцілі ў крытую турму, Саннікава трымаюць у адзіночцы”.

Дарэчы, на пераднавагодняй прэс-канферэнцыі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што палітвязні самі з сябе робяць герояў. “Гэтыя, аб якіх тут рупяцца, гавораць: “Мы хочам быць героямі”. Ну, будзьце героямі – сядзіце. Няхай будуць героямі. Я не супраць”, – заявіў кіраўнік дзяржавы. Лукашэнка таксама дадаў, што гатовы разгледзець прашэнне аб памілаванні сваіх супернікаў на мінулых прэзідэнцкіх выбарах.

belsat.eu

Стужка навінаў