ДАІ канфіскавала наклад незалежнай газеты


Аўта, у якім везлі 10 тысяч асобнікаў “Віцебскага кур’еру”, затрымалі ля вёскі Воранава, што за 10 км ад Віцебску.

Паляванне за “Віцебскім кур’ерам” вялося паводле ўсіх законаў дэтэктыўнага жанру. Машыну, за стырном якой быў дырэктар выдання Віктар Рамнёў, узялі ў кола і заблакавалі некалькі аўтамабіляў ДАІ з мігалкамі. “Арыштаванае” аўта даставілі на штрафстаянку. Ужо ўдзень машыну ўсё ж вярнулі кіроўцу, аднак наклад “Віцебскага кур’ера” гэтак і застаўся ў міліцыі.

Шэф-радактар выдання Вадзім Баршчэўскі гаворыць, што надзеі вярнуць газеты ў іх няма. “Колькі разоў забіралі, ніколі не вярталі. Прыходзілася друкаваць канфіскаваны нумар паўторна, але гэта вялікія выдаткі”, – распавёў ён “Белсату”.

Шэф-радактар нагадвае, што выданне зарэгістраванае ў Расеі як газета СНД і друкуецца ў Смаленску. Але віцебскія ўлады чамусьці абвесцілі “Віцебскаму кур’еру” сапраўдную вайну. “Колькі разоў я пытаўся: чаму свабодна прадаюцца ўсялякія напаўпарнаграфічныя расейскія газеткі, а нашае грамадска-палітычнае выданне фактычна пад забаронаю – уцямнага адказу гэтак і не пачуў. Намесніца міністра інфармацыі Лілія Ананіч, напрыклад, сцвярджае, што ейнае ведамства не мае дачынення да абвешчанага на нас палявання”, – абураецца Вадзім Баршчэўскі. Шэф-радактар не верыць, што ўсё робіцца толькі на ініцыятыву мясцовых уладаў, без санкцыі Міністэрства інфармацыі.

Дарэчы, у канфіскаваным нумары, сярод іншага, быў і артыкул, прысвечаны асуджанаму віцэ-прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесю Бяляцкаму.

belsat.eu

Стужка навінаў