Барацьба з пасярэднікамі: другі раз на тыя ж граблі?


Тры гады таму дзяржава ўжо спрабавала змагацца з пасярэднікамі, якіх вінаваціла ў росце коштаў на тавары. У выніку прыняцця пастановы ўраду № 991 беларуская эканоміка была фактычна спаралізаваная. «Тады сітуацыю ўратаваў асабіста прэзідэнт Лукашэнка, які запатрабаваў скасаваць пастанову і прызначыў вінаватым дробнага чыноўніка з Савету Міністраў. Гэтым разам іншых вінаватых няма – сам прэзідэнт спрабуе наступіць на старыя граблі», – кажа кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга бізнесу Сяргей Балыкін.

Гэтым разам аўтарам «антыпасярэдніцкай» нормы выступіў Камітэт дзяржкантролю. Праект указу, унесенага на разгляд, ставіць больш жорсткія ўмовы для пасярэдніцкай дзейнасці. Гэты дакумент абмяркоўваўся 12 студзеня на нарадзе, якую правёў Аляксандр Лукашэнка.

Праект прадугледжвае забарону на выкарыстанне гэтак званых пасярэдніцкіх схемаў пры закупцы тавараў (працаў, паслугаў) за кошт уласных сродкаў дзяржаўных арганізацыяў, а таксама акцыянерных таварыстваў з доляю дзяржавы больш як 50 %. Такія закупкі мусяць ажыццяўляцца толькі ў вытворцаў тавараў або ў іх афіцыйных прадстаўнікоў.

Сяргей Балыкін падкрэслівае, што пасярэднікі – гэта нармальная частка рынкавай эканомікі. «Яны дазваляюць скараціць колькасць кантактаў паміж суб’ектамі гаспадарання, аптымізаваць гандлёвыя ланцужкі. Вы ж не ідзяце на хлебазавод за хлебам ці на мясакамбінат за кілбасой. Вы ідзяце ў краму і там усё купляеце. А крама – гэта пасярэднік», – дадаў ён. На думку эканаміста, такія спробы абмежаваць пасярэдніцкую дзейнасць негатыўна адаб’юцца на беларускай эканоміцы. «Гэта азначае адно – працаваць суб’ектам гаспадарання будзе цяжэй. Змагацца з пасярэдніцкаю дзейнасцю адміністрацыйнымі метадамі – бясплённа, бессэнсоўна і бязглузда», – заявіў эканаміст у інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат».

На думку ж Лукашэнкі, «дзяржава і эканоміка нясуць страты з-за таго, што ўтварыўся цэлы паразітычны слой тых, хто тлусцее на спекуляцыях». Ёсць выпадкі, зазначыў ён, калі праз пасярэднікаў купляюць і беларускія тавары. «Гэтая праблема зрабілася крымінальнаю найперш таму, што пасярэднікі – гэта пераважна сваякі, дзеці, прыбліжаныя, сябры асобных кіраўнікоў, якія закупляюць такі тавар, ці то беларускі, ці то імпартны», – кажа кіраўнік дзяржавы. І такіх выпадкаў шмат, падкрэслівае ён.

На думку Сяргея Балыкіна, новыя абмежаванні наадварот будуць спрыяльнаю глебаю для росквіту карупцыі, бо менавіта сваякам чыноўнікаў і кіраўнікоў прадпрыемстваў будзе лягчэй атрымаць магчымасць легальна выконваць пасярэдніцкія функцыі.

belsat.eu

Стужка навінаў