Марына Адамовіч у «Гарачым каментары»


Са Шклоўскай калоніі ў крытую турму этапуюць экс-кандыдата на прэзідэнта Міколу Статкевіча, які адбывае пакаранне за “арганізацыю масавых беспарадкаў” 19 снежня 2010 г. Суд прызнаў апазіцыйнага палітыка злосным парушальнікам рэжыму адбывання пакарання.

Наступныя тры гады Мікола Статкевіч правядзе ў камеры, якую зможа пакідаць толькі на адну гадзіну штодня – час, прызначаны на шпацыр. Цягам усяго тэрміну палітык мае права ўсяго на тры бандэролі ды тры кароткія спатканні з жонкаю – Марынаю Адамовіч, якую сёння нават не дапусцілі да працэсу ў Шклоўскай калоніі.

Раней Статкевіча накіроўвалі ў штрафны ізалятар (ШІЗА) за “памылку” ў вопісе рэчаў: дзве насоўкі ён пазначыў як сродкі гігіены. Ужо ў ШІЗА яму вынеслі тры папярэджанні за тое, што ў яго не было біркі. Пасля таго, як Статкевіч выйшаў з ШІЗА, яго накіравалі ў памяшканне камернага тыпу – нібыта за справакаваную бойку. Праз дзень адбылося паседжанне камісіі, якая прыняла рашэнне пра неабходнасць судовага разбору, каб вызначыць далейшы лёс вязня.

Паводле жонкі экс-кандыдата, яна ўспрымае гэта выключна як дробную помсту чалавеку, які карыстаецца каласальнаю павагаю і падтрыманнем і не прызнае сваёй віны.

“Пабачыцца з Міколам не атрымалася – мне нават не дазволілі быць на той пляцоўцы для наведнікаў. Нягледзячы на вырак, Мікола не зменіць сваёй пазіцыі. Гэта ніякім чынам не паўплывае на ягоныя перакананні”, – упэўненая спадарыня Адамовіч.

Пакуль няма ніякай афіцыйнай інфармацыі пра тое, у якую турму перавядуць Міколу Статкевіча. Праўда, раней сам экс-кандыдат паведамляў, што рыхтуецца этап у магілёўскую турму, і найхутчэй яго накіруюць туды.

belsat.eu

Стужка навінаў