Здзекі з забітых: ЗША абяцаюць разабрацца


Жыхары Афганістану асуджаюць відэа, на якім відаць, як амерыканскія жаўнеры апаганілі целы загінулых баевікоў «Талібану».

Пасля дзесяці гадоў вайны, калі рабіліся вядомымі і выпадкі больш жорсткага абыходжання, гэтае відэа з’явілася акурат у той момант, калі Вашынгтон спрабуе весці перамовы з талібамі, каб паступова мірна вывесці войскі з тэрыторыі Афганістану.

Відэа, размешчанае на «YouTube» ды іншых сайтах, паказвае, як чацвёра мужчынаў у камуфляжнай форме марскіх пехацінцаў ЗША мочацца на тры трупы, праўдападобна, чальцоў руху «Талібан».

Жыхары Кандагару гавораць, што гэтыя дзеянні могуць толькі негатыўна ўспрымацца ў ісламскім свеце і не спрыяюць мірнаму працэсу ў краіне. «Усе мы, мусульмане, асуджаем дзеянні гэтых замежных жаўнераў. Гэта выклік ісламу і міжнароднай супольнасці. І мы хочам, каб камісія правоў чалавека расследавала справу, а здзяйсняльнікаў арыштавалі», – заявіў адзін з жыхароў Кандагару. «Гэта нанясе шкоду мірным перамовам. Здаецца, што ЗША ніколі не імкнуліся да мірных перамоваў, і тое, што адбылося, толькі пагоршыць сітуацыю», – кажа іншы мясцовы жыхар.

Жыхар Кабулу расцэньвае такія паводзіны як злачынства. «Яны і так ужо здзейснілі шмат злачынстваў, і мы не хочам, каб яны яшчэ былі на нашай зямлі, мы супраць замежных жаўнераў на нашай зямлі», – заявіў ён журналістам.

Камандаванне амерыканскай марской пяхоты заявіла, што распачало правяраць скандальнае відэа. Аднак афіцыйна пакуль не пацверджаная яго сапраўднасць. Таксама пакуль не вядома, дзе і калі яно было зробленае, ды хто змясціў ролік у інтэрнэце.

belsat.eu

Стужка навінаў