Прадстаўніца АБСЕ ў пытаннях свабоды медыяў Дуня Міятавіч асудзіла арышт беларускага журналіста Аляксандра Баразенкі. Пра гэта гаворыцца ў заяве Міятавіч, якую распаўсюдзіла прэс-служба АБСЕ.
«Беларусь працягвае перашкаджаць журналістам асвятляць грамадскія пратэсты. Беларускі ўрад мусіць дазволіць журналістам асвятляць палітычныя падзеі, афіцыйна санкцыянаваныя ці не, дзеля права грамадства ведаць пра іх», – заяўляе Міятавіч.
Яна заклікала ўлады Беларусі неадкладна вызваліць Баразенку, а таксама спыніць ціск як на яго, так і на іншых журналістаў.
Аляксандра Баразенку затрымалі 8 студзеня каля будынку КДБ у Менску, калі журналіст здымаў спробу актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Мікіты Каваленкі правесці адзіночны пікет. 9 студзеня Баразенку пакаралі 11 днямі арышту паводле арт. 23.34 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства або пікетавання»). Пасля вынясення прысуду Баразенка абвесціў галадоўку.
belsat.eu