Толькі чвэрць менчукоў гатовыя адмовіцца ад паслуг ЖЭСаў


Яны хацелі б аб’яднацца ў таварыствы ўласнікаў і карыстацца паслугамі прыватнікаў.

Далёка не ўсе менчукі давяраюць ЖЭСам, але выходзіць з-пад іх крыла не спяшаюцца. Такія вынікі дало сацыялагічнае даследаванне «Уяўленне аб уласніку і ўласнасці насельніцтва г. Менску», якое праводзілася ў верасні–кастрычніку 2011 года.

“На асноўнае пытанне: “Ці хацелі б вы, каб жыхары вашага дому былі аб’яднаныя ў таварыства ўласнікаў?” – адказы падзяліліся амаль пароўну. 27,1 % апытаных падтрымалі такую ініцыятыву, яшчэ 25,9 % не бачаць у гэтым перспектываў. Самая папулярная прычына – давер дзяржаве і ЖЭСам, – расказваюць у агенцтве маркетынгавых даследаванняў «MASMI Беларусь». – Нарэшце, амаль палова, 47 % рэспандэнтаў, гэтак і не змаглі даць адказу на пастаўленае пытанне”.

Няўжо беларусаў настолькі задавальняюць паслугі ЖЭСаў, што яны не хочуць рэформаў? “Трэба выкарыстоўваць досвед іншых краінаў. Трэба інфармаваць насельніцтва, патрэбнае канкурэнтнае асяроддзе і празрыстасць фармавання тарыфаў, – перакананы Генадзь Калёнаў, галоўны інжынер аднаго з узорных у Менску таварыстваў уласнікаў “Агмень”. – Без рэфармавання сістэмаў кіравання жыллём Беларусь ніколі не зможа інтэгравацца ў еўрапейскую эканоміку. Пакуль што ў нашай краіне ўсё пабудаванае на савецкім прынцыпе “скарга – прыняцце захадаў”. Прычым найбольшая колькасць скаргаў звязаная з арганізацыямі, якія падпарадкоўваюцца Міністэрству жыллёвай гаспадаркі”.

belsat.eu

Стужка навінаў