Ток-шоу «Перад выбарам»: Першая частка


Як выбудавалася сістэма ўлады ў Беларусі? Наколькі яна эфектыўная? Ці служыць яна беларусам? Гэта асноўныя тэмы, на якія разважаюць беларускія эксперты ў ток-шоў „Перад выбарам”. Глядзіце першую частку цыклу дыскусіяў з нагоды прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

Сітуацыю аналізуюць кіраўнік Фонду імя Льва Сапегі Міраслаў Кобаса; журналіст, які піша на тэму карупцыі, рэдактар інтэрнэт-выдання «Ежедневник» Сяргей Сацук; паэт, старшыня беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч; палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.

Напачатку аўтары праграмы нагадалі архіўным сюжэтам, як «мацнела рука» кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі з 1994 г. – коштам чаго, з якімі ахвярамі парламенцкая рэспубліка замянялася на аўтарытарна-прэзідэнцкую?

Апошнюю Андрэй Хадановіч ахарактарызаваў як «звышканцэнтрацыю і звышсакралізацыю ўлады, калі начальства становіцца больш, чым начальствам». Паэту «падабаюцца прэзідэнты малых еўрапейскіх дзяржаваў – іх не бачна». Ён працытаваў Бродскага, які казаў, што свабода – гэта калі забываешся на імя па бацьку тырана.

Міраслаў Кобаса адзначыў, што імкненне да ўзмацнення прэзідэнцкай улады – вынік савецкай спадчыны. Такія самыя працэсы адбываліся не толькі ў Беларусі. Зрэшты, паводле Кобасы, выбар беларусаў менавіта ў 1994 г. нельга назваць строга рацыянальным: прэзідэнтам абралі чалавека, якому папросту была блізкая савецкая мадэль улады.

Раман Якаўлеўскі адзначыў, што згодны з думкаю Зянона Пазняка: перамога Лукашэнкі тады, 16 гадоў таму, была спецаперацыяй дзеля пераўтварэння Беларусі ў своеасаблівы палігон. І потым, напрыклад, тая самая «вертыкаль» улады паўстала на беларускі ўзор у Расеі. А ахвяраю «напампоўвання цягліцаў» прэзідэнцкай рукі быў парламент.

Наступныя тры часткі будуць прысвечаныя сацыяльным праблемам Беларусі, замежнай палітыцы і эканоміцы. «Белсат» будзе паказваць «Перад выбарам» што аўторак цягам перадвыбарчага месяца. Трансляцыя а 21.40, пасля галоўнага выдання «Аб’ектыву».

belsat.eu

Стужка навінаў