Віктар Цярэшчанка хоча змясціць свой партрэт на беларускай валюце


“Не каб пакрасавацца, а каб штодня глядзець грамадзянам у вочы”.

Кандыдат на прэзідэнта Віктар Цярэшчанка мае намер правесці грашовую рэформу і змясціць свой партрэт на купюры наміналам адзін рубель: “Каб вы паверылі ў магчымасці нашай краіны і ў наш нацыянальны рубель, я вырашыў размясціць на нашым будучым моцным рублі, менавіта на адным рублі, а не на буйных купюрах, свой партрэт як прэзідэнта краіны”.

Пра гэта ён заявіў падчас сённяшняга тэлевыступу. Кандыдат сказаў, што зробіць гэта “не для таго, каб пакрасавацца, а каб кожнаму з вас, грамадзяне суверэннай Беларусі, глядзець штодня ў вочы, падпісаўшыся пад словамі “Беларускі рубель – самая надзейная валюта”.

“Хто яшчэ з кандыдатаў на прэзідэнта гатовы да такой адказнасці перад народам?” – задаў рытарычнае пытанне Віктар Цярэшчанка. Валюту ён плануе забяспечыць акцыямі тых прадпрыемстваў, якія ўжо намецілі ва ўрадзе да распродажу за долары. Паводле кандыдата, гэта зробіць яе свабодна канверсаванай і дазволіць увесці пачатковы курс тры рублі за адзін долар. За 5–7 гадоў Віктар Цярэшчанка абяцае знізіць курс долара да аднаго рубля.

Кандыдат на прэзідэнта зрабіў яшчэ адну гучную заяву: паабяцаў кампенсаваць за два гады страту грошай на “гарбачоўскіх ашчадных укладах і па аблігацыях дзяржаўнай беспрацэнтнай пазыкі 1990 года”.

Падчас выступу Цярэшчанка зрабіў акцэнт на эканамічныя праблемы: рост коштаў і вонкавай запазычанасці краіны, пагрозу новай дэвальвацыі. Такім чынам, ён паўтарыў большасць тэзісаў, агучаных падчас сваіх першых зваротаў на радыё і тэлебачанні.

belsat.eu

Стужка навінаў