Літва абвергла інфармацыю пра адсутнасць прэтэнзіяў да будаўніцтва АЭС


Пра тое, што бакі дасягнулі згоды, заявіў афіцыйны Менск.

У Літвы застаюцца пытанні да справаздачы наконт ацэнкі ўплыву АЭС, якую пабудуюць у Астраўцы, на навакольнае асяроддзе. Тым самым літоўскі МЗС абверг інфармацыю, якую 24 лістапада абнародаваў кіраўнік нацыянальнай камісіі радыяцыйнай абароны пры Савеце Міністраў Беларусі Якаў Кёнігсберг.

Чыноўнік заявіў наступнае: “Спецыялісты Літвы пасля апошняга візіту ў Менск знялі ўсе пытанні па беларускай справаздачы АУНА [ацэнка ўплыву на навакольнае асяроддзе]. Мы адказалі на ўсе пытанні, якія непакоілі літоўскі бок, і ўсе супярэчнасці былі знятыя”.

З заявы літоўскага МЗС вынікае зусім іншая карціна: “Як было заяўлена 18 чэрвеня 2010 года падчас сустрэчы прадстаўнікоў Літвы і Беларусі ў Менску, а таксама ў лісце Міністэрства аховы навакольнага асяроддзя Літвы, высланым 9 ліпеня Міністэрству прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі, працэс АУНА нельга лічыць закончаным, пакуль беларускі бок не даў усіх адказаў”.

Пры гэтым зазначаецца, што “Літва не атрымлівае адказаў на пастаўленыя пытанні наконт праекту беларускай атамнай электрастанцыі: чаму для ажыццяўлення гэтага праекту выбралі менавіта Астравецкую пляцоўку, якая месціцца ўсяго за 50 кіламетраў ад сталіцы Літвы Вільнюса”.

У заяве гаворыцца, што Літва ўвогуле “адмаўляецца прызнаць гэта кансультацыямі паводле Канвенцыі Эспа наконт ацэнкі ўплыву на навакольнае асяроддзе ў трансмежным кантэксце, бо не былі выкананыя патрабаванні канвенцыі пра своечасовае і вычарпальнае інфармаванне, арганізацыю публічных абмеркаванняў ды іншых працэдураў, згаданых у канвенцыі”.

belsat.eu

Стужка навінаў