«Слуцкі збройны чын – адзінае збройнае выступленне за Беларусь» - кажа гісторык Алег Латышонак


27 лістапада, у суботу, «Белсат» паказаў дакументальны фільм “Слуцкі збройны чын” пра Слуцкае паўстанне, прымеркаваны да яго 90-годдзя. Тады, напрыканцы 1920 г., некалькі тысячаў беларусаў пад бел-чырвона-белымі сцягамі са зброяй у руках адчайна баранілі незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.

Ім маглі б паставіць пачэсны помнік, пра іх маглі б распавядаць школьныя падручнікі гісторыі, іхнымі імёнамі маглі б назваць падраздзяленні сучаснай беларускай арміі…

Прафесар і выкладчык Беластоцкага ўніверсітэту, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства Алег Латышонак, называе Слуцкі збройны чын надзвычай важнаю нацыяфармавальнаю падзеяй.

Паводле гісторыка, традыцыі ўшанавання герояў Слуцкага збройнага чыну не перадаліся, на жаль, з пакаленняў у пакаленні нават сярод патрыётаў і захаваліся пераважна на беларускай эміграцыі. “Ёсць канон: герб “Пагоня”, бел-чырвона-белы сцяг, гімн “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, 25 сакавіка, 27 лістапада… Аднак не ўсё з яго было ўзятае на пачатку 1990-х гадоў у незалежнай Беларусі”, – тлумачыць гісторык.

Так, нацыянал-дэмакратычная апазіцыя зрабіла гістарычным і сімвалічным падмуркам адноўленай беларускай дзяржавы Вялікае княства Літоўскае, вайсковым святам зрабілі 8 верасня. Але 27 лістапада 1920 г., бліжэйшая гісторыя, напаўзабылася. Набор каштоўнасных сімвалаў і датаў быў расцярушаны. “Я лічу памылкаю, што гэты канон не быў прыняты поўнасцю”, – кажа Алег Латышонак.

Ад цяперашніх уладаў Беларусі ўшанавання герояў Слуцкага збройнага чыну гісторык не чакае.

І не дзіва: гэтыя ўлады шмат у чым грунтуюцца на савецкай спадчыне, а 27 лістапада – дата незалежніцкага антыбальшавіцкага супраціву.

Знакавасць і значнасць падзеі, на думку Латышонка, у тым, што “Слуцкі збройны чын – гэта адзінае збройнае выступленне менавіта за Беларусь на Беларусі. У ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Расейскай імперыі мы ваявалі ці на чыімсьці баку, ці разам з кімсьці”. Гісторык кажа, што Слуцкім збройным чынам, натуральна, можна ганарыцца, хоць беларусы зазналі тады паразу.

Такой недасканалай нацыі, як беларуская, на думку Латышонка, вельмі важна мець і культываваць традыцыі шанавання герояў. Зрэшты, зазначае ён, напачатку Слуцкі збройны чын можна належным чынам папулярызаваць у нацыянальна арыентаваных асяродках, у ядры нацыі, а ўжо потым вярнуць у агульны канон.

Дакументальны фільм “Слуцкі збройны чын”, 31 хв., рэж. Сяргей Ісакаў, сцэнар Уладзімір Халіп, Беларусь, 2008 можна спампаваць тут:

Памер 363 мб

Letitbit

Vip file

ifolder.ru

rapidshare.com

depositfiles.com

Стужка навінаў