Свіныя рэбры нагадваюць у Гомелі пра дату выбараў


Новую прадукцыю пачаў выпускаць мясцовы мясакамбінат.

Выпуск вырабаў з напамінкам пра дату выбараў прэзідэнта Беларусі асвоіў Гомельскі мясакамбінат – свіныя рэбры з налепкаю, на якой выяўленая дзяржаўная сімволіка і надпіс “Выбары-2010. 19 снежня”.

Гомельскі праваабаронца Віктар Адзіночанка падкрэслівае, што з’яўленне налепак на рэбрах – ежы для бедных – прыводзіць да думкі, што менавіта імі і будуць харчавацца беларусы пасля выбараў. Калі б рэкляму ляпілі на дарагую каўбасу, гэта ўспрымалася б куды болей пазітыўна.

А вось пакеты з надпісам “За квітнеючую Беларусь”, выяваю бусла і датаю выбараў, паводле Адзіночанкі, надта ж нагадваюць этыкеткі на бутэльках з гарэлкаю вытворчасці менскага заводу “Крышталь”. Пакеты сталі прадаваць днямі ў шапіках “Гомельаблдруку”. Праваабаронца лічыць, што гэта дыскрэдытуе не толькі выбары, але і палітыку самога кіраўніцтва краіны, якое дэкларуе барацьбу з п’янствам.

belsat.eu

Стужка навінаў