Дзед Мароз у «Гарачым каментары»


Паколькі Дзед Мароз не быў у Беларусі год, яму найперш кінуліся ў вочы перамены, што адбыліся ў нашай краіне за гэты час. Таму “Белсат” даручыў святочнаму госцю падвесці вынікі года.

Незвычайны госць “Гарачага каментара” пачаў з закліку да тэлегледачоў – павіншаваць з навагоднімі святамі чатырнаццаць беларускіх палітвязняў, для якіх нават простая паштоўка стане дарагім падарункам. Атрымаць прозвішчы і адрасы можна на нашай старонцы.

Апошні раз Дзед Мароз наведаў Беларусь год таму, і ўражанні ад сёлетняга візіту ў яго наступныя: “Беларусы жывуць як у казцы: была рыбка простая – стала залатая, была бульбачка простая – стала залатая, нават макарона стала залатая…” Пры гэтым ён параіў не пераймацца, калі навагодні стол не ломіцца ад дарагіх прысмакаў, а цешыцца тым, што побач – дарагія людзі.

Самаю пазітыўнаю постаццю амаль ужо прамінулага года госць “Гарачага каментара” назваў Сяргея Міхалка – за “кардынальны паварот у ягонай творчасці”. Самаю крэатыўнаю акцыяй, паводле Дзеда, былі маўклівыя пратэсты. Паспрачацца з імі можа хіба што апошні “Стоп бензін”, на які ніхто з удзельнікаў не прыехаў, затое іхную місію – заблакаваць праспект Незалежнасці ў Менску – выканалі працаўнікі Дзяржаўтаінспекцыі ды міліцыянты.

Сярод размоваў адзначыў інтэрв’ю з Мікітам Ліхавідам пасля ягонага вызвалення ўвосень.

Гэта, без сумненняў, быў год забаронаў з боку ўладаў: не збірацца больш за тры чалавекі, не пляскаць у ладкі, нічога не рабіць таксама нельга… І паколькі забараніць пераменаў улады не могуць, адыграліся на аднайменнай песні Віктара Цоя.

Чым жа беларусы ўразілі міжнародную супольнасць? Напэўна, салідарнасцю, вырашыў Дзед Мароз, згадаўшы справу праваабаронцы Алеся Бяляцкага.

Беларускіх жа сілавікоў найбольш напужалі актывісткі ўкраінскага руху “Femen”: “У мяне склалася такое ўражанне, што беларускія сілавікі папросту баяцца жанчын, а ўжо тым больш голых. І не ведаюць, што з імі рабіць”, – паспрабаваў растлумачыць госць дзіўную рэакцыю на дзеянні дзяўчат.

belsat.eu

Стужка навінаў