З 12 затрыманых у справе падпалаў на волю выйшлі пяцёра


Нагадаем, што ўсяго ў справе чатырох падпалаў у Менску (ізалятару на вул. Акрэсціна 6 верасня, расейскай амбасады 30 жніўня, філіялу “Беларусбанку” і будынку Федэрацыі прафсаюзаў 30 красавіка) затрымалі 12 грамадскіх актывістаў. Большасць з іх належыць да руху анархістаў.

У суботу скончыўся трохдзённы тэрмін ва Уладзіміра Валодзіна, Аляксандра Бугаёва, Сяргея Папова, Таццяны Семянішчавай ды Ігара Чапігі, аднак на волю яны не выйшлі.

Эколага Уладзіміра Валодзіна затрымалі паводле падазрэння ў падпале філіялу “Беларусбанку”, якое адбылося яшчэ ў красавіку. Праз тры дні яго адпусцілі і зноў затрымалі. Гэтым разам – у справе нападу на ізалятар па вул. Акрэсціна ў Менску 6 верасня.

Паводле адваката Тамары Сідоранкі, падставы для затрымання не канкрэтызавалі. 10 верасня Еўрапейская зялёная партыя (ЕЗП) і камісія Сейму Літвы ў пытаннях ядравай энергетыкі зрабілі афіцыйныя заявы ў абарону Валодзіна. Камісія літоўскага Сейму адзначыла, што эколаг неаднаразова выступаў з крытыкаю будаўніцтва АЭС у Астраўцы, таму ствараецца ўражанне, што гэта пераслед нязручнага ўраду Беларусі чалавека.

Прыхільніка незарэгістраванай Беларускай партыі свабоды (БПС) Сяргея Папова затрымалі ў ягонай кватэры ў справе нападу на ізалятар (хоць у гэты дзень ён быў на лецішчы, што пацвярджаюць сведкі). Папова пакінулі ў ізалятары на вул. Акрэсціна, але ўжо паводле іншага абвінавачання – у нападзе на будынак Федэрацыі прафсаюзаў.

Паводле belarus.indymedia.org, Таццяна Семянішчава пад ціскам следства парэзала руку канцылярскім нажом.

Аляксандра Францкевіча перавезлі ў Салігорск. Яго затрымалі на тры дні ўжо чацвёрты раз, цяпер у справе нападу на пастарунак міліцыі. Спачатку яго падазравалі ў падпале расейскай амбасады, потым – будынку Федэрацыі прафсаюзаў, трэці раз – філіялу банку. Інкрымінаваць напад на ізалятар яму не маглі, бо на той момант Францкевіч сам у ім утрымліваўся.

belsat.eu
13.09.2010
Фота bymedia.net

Стужка навінаў