64 дзень пратэстаў. Замест дыялогу – гвалт


У нядзелю 11 кастрычніка ў Менску і многіх гарадах краіны прайшлі «Маршы гонару». Belsat.eu падводзіць вынікі 64-га дня супрацьстаяння беларускага народу і ўладаў.

Двум арыштаваным пасля сустрэчы з Лукашэнкам у СІЗА КДБ змянілі меру стрымання – іх выпускаюць з СІЗА. На волі дырэктар PandaDoc Рабцэвіч і кіраўнік штабу Бабарыкі Васкрэсенскі.

Юрый Васкрэсенскі паведаміў, што па выніках сустрэчы з Лукашэнкам яму даручылі рыхтаваць прапановы да паправак у Канстытуцыю і выкласці падыходы па вызваленні шэрагу асобаў, якія «апынуліся не так грамадска небяспечнымі для нашай краіны, як здаваліся на першым этапе».

«Марш гонару»

Фота: Gavriil Grigorov / TASS / Forum

Падчас «Маршу гонару» сілавікі праявілі надзвычайную жорсткасць. Затрыманых моцна збівалі, людзей шпурлялі з аўтазаку ў аўтазак нібыта дровы. У РАУСах бачна, як людзей ставілі каля сцяны. Да многіх РАУСаў потым прыязджалі машыны хуткай дапамогі.

Тыя, хто выйшаў з будынкаў міліцыі распавядалі, што білі моцна калі прымалі, і ў бусе, пагражалі зброяй (вінтоўка) і незразумела што хацелі, не задавалі пытанняў, проста білі.

Фота: BelaPAN / Reuters / Forum

Падчас разгону акцыі міліцыянты ўжывалі вадамёты, святлошумавыя гранаты, пагражалі зброяй людзям, збівалі ляжачых, пускалі газ.

Агулам лік затрыманых склаў 421, але гэты спіс абнаўляецца. Міліцыянты схапілі 40 журналістаў. Некаторых адпусцілі, але большасць застаецца ў пастарунках.

Hавiны
Юбілейная нядзеля пратэстаў – «Марш гонару» праходзіць ва ўсіх гарадах Беларусі. ОНЛАЙН
2020.10.11 15:00

Звальненні, пераслед, арышты

Кіраўнік страйкаму МТЗ Сяргей Дылеўскі заявіў, што яго шантажавалі бацькамі, каб ён звольніўся з працы.

Пра сваё звальненне з МТЗ ён напісаў на сваёй старонцы ў Instagram:

«12 гадоў заводу. На жаль, пара растацца. Для кіраўнікоў: хлопцы, прымушаць звольніцца шляхам шантажу бацькамі – гэта самае нізкае і бесчалавечнае, што можна сабе ўявіць… »

У Менску затрыманы заснавальнік праекту petitions.by Уладзімір Кавалкін. Абставіны затрымання невядомыя.

Пракурор Менску Алег Лаўрухін заявіў, што праз разабраны вадамёт заведзеная крымінальная справа за гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі.

«Па дадзеным факце распачатая крымінальная справа паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў), паколькі за рулём гэтай спецмашыны знаходзіўся супрацоўнік.

Ён выконваў свае абавязкі. Такім чынам дзеянні, якія былі зроблены (разукамплектавання), накіраваныя на перашкоду гэтай дзейнасці, кваліфікуюцца як гвалт у дачыненні да супрацоўніка ў сувязі з выкананнем ім сваіх службовых абавязкаў.

Максімальнае пакаранне, прадугледжанае па гэтым артыкуле, складае шэсць гадоў пазбаўлення волі».

Hавiны
Наталля Наважылава: Улада хоча выбіраць, вырашаць і думаць за нас
2020.10.11 12:56

CK belsat.eu

Стужка навінаў