Беларусы пра Гавэла: Ён прымусіў Еўропу паверыць у цуд


У Празе да касцёлу з труною Вацлава Гавэла не змяншаецца чарга тых, хто прыйшоў з ім развітацца. Беларусы ж, каб аддаць належнае, ідуць у амбасаду Чэхіі ў Менску.

“Спадар Гавэл прымусіў паверыць Еўропу ў цуд і [у тое,] што цуды здзяйсняюцца. Вельмі важна аддаць яму належнае і самім паверыць, што цуды здзяйсняюцца”, – гаворыць жыхарка сталіцы Вольга, называючы Гавэла сумленным палітыкам, які хоць і не быў волатам, здолеў з’яднаць нацыю. “Нам такога чалавека не хапае. І мы такога чалавека, напэўна, чакаем”, – падсумавала яна.

Старшыня Асамблеі няўрадавых арганізацыяў Сяргей Мацкевіч запомніць Гавэла як палітыка, які заўсёды падтрымліваў дэмакратыю ў Беларусі ды “яшчэ надоўга застанецца чалавекам, па якім мы будзем мераць свае ўчынкі”.

Для палітыка Вінцука Вячоркі былы чэшскі прэзідэнт значыць “значна болей, чым імя ў даведніку”. З ім ён меў шчасце сустрэцца асабіста. Паводле Вячоркі, Гавэл разумеў, якую ролю адыгрываюць для беларусаў гістарычная памяць, нацыянальная самасвядомасць і родная мова. Ягоны прыклад даводзіць, што палітыка можа быць высока маральная. “Хоць займаў высокую пасаду, заставаўся простым, адкрытым і для сваіх грамадзянаў, і для ўсіх іншых людзей. Ён сам любіў сябе называць “грамадзянін Гавэл” – не прэзідэнт, не выдатны пісьменнік, а вось так…”

belsat.eu

Стужка навінаў