Вацлаў Арэшка: у апазіцыі няма палітычнай волі


Грамадзянскі актывіст Вацлаў Арэшка пракаментаваў выказванні прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў на паседжанні круглага стала, прысвечанага гадавіне выбараў прэзідэнта Беларусі, і зрабіў свой прагноз на наступныя палітычныя гады.

Паводле яго, сур’ёзных высноваў па падзеях 19 снежня 2010 года беларуская апазіцыя пакуль не зрабіла. “Практычна ўся размова была прысвечаная апраўданням таму, што здарылася. Усе разумеюць, што здарылася нешта не тое. Чаго я не пачуў, гэта што трэба рабіць далей. Пакуль я не бачу ні рэальнай палітычнай кааліцыі, ні рэальнай палітычнай волі да супольнай сур’ёзнай працы”, – заявіў грамадзянскі актывіст.

На думку Арэшкі, усе кандыдаты на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года мелі розныя мэты, што не дало ім магчымасці дамовіцца пра супольныя дзеянні. “Сёння прагучала, што ніхто, аказваецца, не ведаў, што хацеў рабіць іншы. Для мяне гэта трохі дзіўна, але, напэўна, гэтак яно і было”, – сказаў Арэшка.

Каментуючы магчымыя правакацыі, якія трэба было прадугледзець, Арэшка адзначыў, што для яго застаецца загадкаю, чаму арганізатары акцыі нічога не зрабілі на гэты конт. “Падобная сітуацыя была і ў 2006 годзе. Таксама ніхто не быў рэальна гатовы да таго, што прыйдуць 30–40 тысячаў чалавек. Мы заўсёды думаем у апошнюю хвіліну, а можа, нават і пасля”, – падкрэсліў Арэшка.

Як і раней, беларускай апазіцыі не хапае сур’ёзнага аналізу падзеяў і сур’ёзнай думкі пра будучыню і стратэгію, мяркуе ён.

Робячы прагноз на наступныя палітычныя гады, сярод галоўных задачаў апазіцыі грамадзянскі дзеяч вылучыў перафармаванне апазіцыйнага поля. “Калі гэтага не адбудзецца, калі ўсё будзе паўтарацца, то вынік будзе той жа. Трэба шукаць новыя стратэгіі, прыцягваць новых людзей. Як гэта рабіць, не ўсе хочуць думаць сёння”, – сказаў Арэшка.

belsat.eu

Стужка навінаў