Затрымалі Віталя Рымашэўскага


Палітык паспеў паведаміць паплечнікам, што ён ля Фрунзенскага РАУСу Менску.

“Віталь Рымашэўскі адвозіў дамоў дачку пасля круглага стала, прымеркаванага гадавіне падзеяў 19 снежня. Калі ён выходзіў з кватэры, на яго накінуліся чацвёра ў цывільным, заламалі за спіну рукі ды ўвапхнулі ў сіні мікрааўтобус”, – распавёў “Белсату” адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі. Паводле яго, невядомыя ніякіх дакументаў Рымашэўскаму не паказвалі ды не тлумачылі, з чым звязанае затрыманне.

Праз некаторы час Віталь Рымашэўскі здолеў зноўку патэлефанаваць Дзянісу Садоўскаму і паспеў крыкнуць, што яго трымаюць у мікрааўтобусе ля Фрунзенскага РАУСу. Зараз на тэлефанаванні ён не адказвае. Паплечнікі лічаць, што затрыманне Віталя Рымашэўскага накіраванае на тое, каб не дапусціць ягонага ўдзелу ў акцыі, прымеркаванай да гадавіны Плошчы.

Віталя Рымашэўскага, экс-кандыдата на прэзідэнцтва на леташніх выбарах, за ўдзел у Плошчы асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі ўмоўна.

belsat.eu

Стужка навінаў