Гадавіна плошчы. “Ціхары”: тут маліцца нельга


19 снежня, роўна праз год пасля пратэстаў супраць фальсіфікацыяў прэзідэнцкіх выбараў, у Менску зноўку затрымлівалі грамадзянаў. Людзі ў цывільным паводзіліся надзвычайна жорстка: збівалі ўдзельнікаў акцыі ды цягнулі іх па асфальце ў аўтобусы.

Каля 100 чалавек запалілі знічы і разгарнулі партрэты палітвязняў каля Чырвонага касцёлу. Там жа і пачаўся хапун: каля 30 затрыманых. Як выказаўся адзін з людзей у цывільным, “тут маліцца нельга, ідзіце ў касцёл”.

Вядомыя прозвішчы некаторых затрыманых: Ліхавід, Макаеў, Парфянкоў, Крымінецкі, Квіцінская, Хлашчынкова, Арцыбашаў, Касьян, Кавалеўская, Рымашэўскі, Лыскоў, Моўчан, Мускі, Васільеў, Пратасавіцкі, Яроменак, Чырэйка.



21:18
Маці Мікіты Ліхавіда паспела паведаміць праваабаронцам аб тым, што яе збіў спецназ. Як паведамляе праваабаронца Андрэй Бандарэнка, у Цэнтральны РАУС прыехала карэта хуткай дапамогі.



20:45
Паводле праваабаронцаў, у Маскоўскім РУУСе знаходзяцца 19 чалавек



20:30
Удзельнікі акцыі паціху разыходзяцца. “Ціхары” нікога пакуль не затрымліваюць. Каля 10 чалавек застаюцца каля касцёлу, яшчэ некалькі дзясяткаў – на службе.

20:18 Паводле “ціхароў”, маліцца на вуліцы нельга. “Маліцца трэба ў касцёле”, – кажуць яны. Некаторыя з іх таксама зайшлі ў касцёл і паселі на апошняй лаве.



20:05
Удзельнікі акцыі зайшлі ў касцёл, у якім распачалася імша. “Ціхары” дзяжураць ля ўваходу.



20:01
Людзі ўсцяж знаходзяцца каля касцёла. Затрыманых не менш за 30 чалавек. Як паведамляе радыё “Свабода“, да Чырвонага касьцёлу прыйшоў кіраўнік амэрыканскай дыпмісіі ў Беларусі Майкл Скэнлан.



19:54
Чарговыя затрыманні: людзей збіваюць, цягнуць па асфальце. Жанчыны спрабуюць адбіць іх, але безвынікова. Каля Чырвонага касцёлу застаюцца некалькі дзясяткаў чалавек..



19:44
Побач з Чырвоным касцёлам каля 100 чалавек. Яны трымаюць знічы і партрэты палітвязняў. Адзін міліцэйскі аўтобус ужо запоўнены затрыманымі, зараз міліцыя закідвае людзей у наступны.



19:40
Працягваюцца затрыманні. Міліцэйскі аўтобус пад’ехаў пад самы ўваход у Чырвоны Касцёл, затрыманых ужо каля 10

19:33 Удзельнікі акцыі каля Чырвонага касцёлу разгарнулі партрэты палітвязняў. Вядома як мінімум пра трох затрыманых, рэшту разагналі працаўнікі міліцыі ў цывільным. Намеснік старшыні менскага ГУУСу Ігар Яўсееў не валодае інфармацыяй пра затрыманых, бо: “вы ж бачыце, я тут стаю, нікога не затрымліваю”, – сказаў ён.

19:24 Некалькі жанчын запалілі свечкі каля Чырвонага касцёлу. Яны чытаюць малітву за палітвязняў.

19:22 Затрымалі таксама актывіста АГП Аляксандра Сцепаненку. Насупраць будынку КДБ кіраўнік менскай міліцыі Аляксандр Барсукоў асабіста даглядае мінакоў. Што шукае чыноўнік у менчукоў, на жаль не ўдакладняецца.

19:07 Як паведамляе ў “Фэйсбуку” грамадскі актывіст Міхаіл Пашкевіч, затрымалі яшчэ некалькі чалавек, якія планавалі запусціць у паветра кітайскія ліхтарыкі. Цяпер затрыманыя – у Цэнтральным РУУСе.

18:59 На Кастрычніцкай плошчы затрымалі Мікіту Ліхавіда за мамаю. Яны падышлі да аднаго з шапікаў з гарачымі напоямі ды піражкамі, “ціхары” адразу ж схапілі іх і зацягнулі ў аўтазакі, што стаяць за Палацам прафсаюзаў.

18:53 Пакуль на плошчы заўважаныя толькі агенты ў цывільным і міліцыянты. Праваахоўнікі абшукваюць людзей на выхадах з метро. На праспекце Незалежнасці некалькі групак людзей са свечкамі і кветкамі.

У акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы і плошчы Незалежнасці ў Менску ўзялі ўдзел 15–20 тыс. чалавек (паводле іншай інфармацыі, да 40 тыс.). На калону прыхільнікаў кандыдата на прэзідэнцтва Уладзіміра Някляева, якая рухалася ў цэнтр сталіцы, напалі невядомыя. Някляева брутальна збілі, і ён трапіў у шпіталь, адкуль яго выкралі і змясцілі ў ізалятар КДБ. Іншыя лідары апазіцыі не мелі канкрэтнага плану дзеянняў, таму натоўп удзельнікаў пратэстаў з Кастрычніцкай плошчы пачаў рухацца на плошчу Незалежнасці.

Пасля таго як правакатары разбілі шыбы ў Доме ўраду, пачаўся брутальны разгон акцыі пратэсту. У выніку сотні людзей збілі і арыштавалі. Сярод іх – большасць кандыдатаў на прэзідэнцтва. За ўдзел у акцыі пратэсту 19 снежня дзясяткі чалавек атрымалі турэмныя тэрміны. Экс-кандыдаты на прэзідэнцтва Андрэй Саннікаў і Мікола Статкевіч дагэтуль застаюцца за кратамі.

Зарэгістраваная ў Чэхіі арганізацыя «Малады фронт» заклікала тых, хто быў на Плошчы, выйсці на вуліцу са знічамі і паставіць іх уздоўж праспекту Незалежнасці на памяць пра трагічныя падзеі. Пра свой намер адзначыць гадавіну Плошчы заявілі і прадстаўнікі кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў і Павел Вінаградаў.

belsat.eu

Стужка навінаў