Мацкевіч: Нам не патрэбны бессэнсоўны гераізм


«Калі кажуць, што толькі дурні вучацца на сваіх памылках, а разумныя вучацца на чужых памылках, то нашая апазіцыя не вучыцца нават на сваіх памылках», – ацэньвае палітолаг Уладзімір Мацкевіч сітуацыю за апошні год.

Трэба ўмець прызнаваць уласныя памылкі, гаворыць эксперт, і не імкнуцца выдаваць паразу за перамогу: «Чым займаецца наша апазіцыя? Што б яна ні зрабіла, пасля гэтага яна шукае: а што б можна было выдаць за перамогу? Напрыклад, разагналі мітынг – затое мы ўголас сказалі праўду. Паразу атрымалі на выбарах – затое мы паразмаўлялі з выбарнікамі».

Ён не адмаўляе ў мужнасці тым, хто пацярпеў за Плошчу, заўважаючы аднак, што гераізм бывае бессэнсоўным.

Гарантыяй перамогі Мацкевіч называе змену палітычнага рэжыму ў Беларусі, які цягам апошняга года набыў рысы нацысцкай дыктатуры: «Пасля 19 снежня 2010 года ў краіне дэ-факта было ўведзенае надзвычайнае становішча: сілавыя структуры атрымалі значна большыя паўнамоцтвы. Напрыканцы 2011 года мы атрымалі ўжо ваеннае становішча: пасля таго як губернатары атрымалі генеральскія пагоны, яны пазбавіліся мажлівасці прымаць самастойныя рашэнні. Цяпер для іх любы загад Лукашэнкі ёсць загадам галоўнакамандуючага, адмовіцца яго выконваць яны не могуць».

Сам палітолаг застаў апошнія моманты падзеяў на Плошчы: разгон і Рымашэўскага з разбітаю галавой у акружэнні моладзі. Ён прыехаў у Менск з Віцебску позна ўвечары.

belsat.eu

Стужка навінаў