Дэпутаты перарабілі бюджэт на патрабаванне Лукашэнкі


За два тыдні да Новага года Беларусь усё ж можа здабыць галоўны фінансавы дакумент на 2012 год

Ужо ў бліжэйшы панядзелак дэпутаты Палаты прадстаўнікоў маюць прыняць дзяржаўны бюджэт у другім чытанні. Варыянт жорсткай эканоміі з мінімальным ростам ВУП (1,5 %), прапанаваны месяц таму Міністэрствам эканомікі, быў адхілены. У канчатковым варыянце дакументу прагназуецца рост у 5,2 %, як і патрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

Ці рэальная лічба? “Аналагічная сітуацыя была ў канцы 2009 года, – узгадвае эканаміст Сяргей Чалы. – Міністэрства фінансаў разлічыла бюджэт, зыходзячы з 7 % росту ВУП, а палітычныя структуры яго запатрабавалі запланаваць на 11–13 %. І ў канцы 2010 года падлічылі, што рост ВУП якраз і склаў 7 %. Першая прыкідка выявілася больш дакладнай. Здаецца, тое ж будзе і зараз”.

Бюджэт запланаваны бездэфіцытным. “І прыбыткі, і выдаткі складуць 92,7 трлн рублёў, – заявіў міністр фінансаў Андрэй Харкавец. – Кансалідаваны бюджэт (разам з лічбамі Фонду сацыяльнай абароны, які выплачвае пенсіі) складзе 141,8 трлн”. Гэта азначае, што ў даляравым выражэнні бюджэт скарачаецца амаль удвая.

Сярод іншых эканамічных паказнікаў, якія будуць істотна ўплываць на дабрабыт беларусаў, сярэднегадавы курс даляра, які, паводле плану чыноўнікаў, павінен скласці 9150 руб. А вось максімальны дазволены ўзровень інфляцыі называецца на ўзроўні 22 %.

belsat.eu

Стужка навінаў