Алег Скрыпка: Пакуль я спяваю па-беларуску з акцэнтам


“Мне падабаецца беларуская мова, на ёй добра спяваецца, запрашайце ў трэцюю частку “Перазагрузкі”, – заявіў на прэзентацыі альбому “Будзьма! Тузiн. Перазагрузка-2” Алег Скрыпка.

“На старой рускай мове ў старажытнасці пісалі кнігі, каб зэканоміць паперу, выкідвалі галосныя, потым і гаварыць так сталі. Расейская – кніжная мова. На ёй добра думаць. Украінская і беларуская – мовы гутарковыя, на іх добра спяваць”, – сказаў Скрыпка.

Паводле яго, сітуацыя з роднай мовай ва Украіне не такая сумная, як у Беларусі, але ўплыў расейскай культуры адчуваецца гэтак жа моцна. Скрыпка прапанаваў скапіяваць праект ва Украіне ці стварыць штосьці супольнае. “Украінскія музыкі вельмі харызматычныя – адчуваецца казацкі дух. Затое беларусы больш вытанчана спяваюць. Мы маглі б, не ствараючы канкурэнцыі адзін аднаму, узаемна ўзбагаціцца”, – сказаў музыка.

Скрыпка прызнаўся, што падчас запісу альбому ў яго былі праблемы з некаторымі беларускімі гукамі: “У мяне пакуль няма патрэбнай маторыкі. Трэба разоў дзесяць перад гледачамі праспяваць – тады будзе ўсё на аўтамаце. Але пакуль у мяне акцэнт”. Тым часам песню “Краiна мрой”, выкананую ім на беларускай, прадстаўнікі Японскага культурнага цэнтру ў Кіеве прапанавалі праспяваць яшчэ і па-японску. “Зараз буду спяваць на трох мовах”, – сказаў Алег Скрыпка.

Прэзентацыя альбому “Будзьма! Тузiн. Перазагрузка-2” прайшла 15 снежня ў менскім кафэ “Лофт”. 12 трэкаў – перапетыя па-беларуску папулярныя песні вядомых музыкаў, якія выступілі дзеля падтрымання беларускай мовы.

Лідар гурта “Воплі Відоплясова” Алег Скрыпка, як кажа, адразу пагадзіўся ўзяць удзел у праекце. “Мне падабаюцца такія стылёвыя сацыяльныя творчыя праекты, як “Будзьма! Тузiн. Перазагрузка”, – сказаў Скрыпка.

“Ідэя нарадзілася даўным-даўно, тры гады таму. Два гады таму мы прэзентавалі першую частку гэтай глабальнай задумы, у якой удзельнічалі беларускія выканаўцы, якія ніколі не спявалі па-беларуску. Яны пераспявалі свае хіты на нашай мове. У другой частцы мы вырашылі выйсці за межы краіны і запрасіць беларускіх выканаўцаў, якія жывуць і працуюць за мяжою, і тых, хто мае нейкія беларускія карані”, – паведаміў аўтар ідэі “Перазагрузка” Сяргей Будкін. У другой частцы праекту паўдзельнічалі “Воплі Відоплясова”, Oleg Jagger, “Мумій Троля”, “Dreamgale”, “5 diez”, Макс Лоранс, Марыя Тарасевіч, Аляксандр Рыбак, “Смысловые галлюцынацыі”, “Leon Gurvitch Project”, “Zdob si Zdub” і Алёна Свірыдава.

Разам з музыкамі арганізатары вызначылі хіты, якія выканаўцы хацелі б перапець, – з гэтымі тэкстамі потым працавалі перакладчыкі Алесь Камоцкі, Сяргей Балахонаў, Глеб Лабадзенка, Улад Лянкевіч і Андрэй Хадановіч. “Яны пераасэнсоўвалі тэксты і, як кажуць самі музыкі, фактычна стваралі новую песню. Усе засталіся задаволеныя, як атрымалася”, – адзначыў Будкін.

belsat.eu

Стужка навінаў