Беларуская чыгунка запускае чарговы бізнес-электравік


Новы маршрут – Менск–Ворша.

Рэгулярны рэйс пачне дзеяць 24 снежня. Даехаць з Менску да Воршы можна будзе крыху даўжэй як за дзве гадзіны. Звычайна паездка займае чатыры гадзіны. Прыпынкі прадугледжваюцца ў Смалявічах, Жодзіне, Барысаве, Крупках і Талочыне. Курсаваць электравік будзе два разы на дзень.

Адпраўленне з Менску – а 7:38 і а 15:24, прыбыццё ў Воршу – а 9:56 і а 17:42, адпаведна. З Воршы цягнік будзе адпраўляцца а 10:10 і а 18:46, прыбываць у Менск – а 12:28 і а 21:04.

“Кошт праезду на электрацягніках рэгіянальных лініяў бізнес-класу адпавядае кошту праезду ў агульных вагонах хуткіх цягнікоў, якія курсуюць на аналагічных маршрутах. Кошт квітка складзе 11 760 рублёў”, – паведамляе прэсавая служба Белчыгункі.

Новы рэгіянальны бізнес-маршрут – чарговы этап пераходу на новы фармат пасажырскіх перавозаў, рэалізацыю якога Беларуская чыгунка пачала летась. Паводле яго, рынак пасажырскіх перавозаў на чыгунцы будзе класіфікавацца па-новаму: гарадскія, рэгіянальныя, міжрэгіянальныя, міжнародныя і камерцыйныя лініі.

Швейцарскія электравікі курсуюць цяпер з Менску ў Ждановічы, Заслаўль і Берасце (праз Баранавічы). У кіраўніцтве Беларускай чыгункі паведамляюць, што ўсяго запланавана запусціць дзесяць экспрэсаў. “Кошт кожнага цягніка – 6 млн еўраў, – удакладняе намеснік начальніка службы лакаматыўнай гаспадаркі Валер Мазец. – Пытанне акупляльнасці не стаіць на першым месцы, бо чыгунка сёння застаецца адным з самых недарагіх відаў транспарту ў краіне”. Суразмоўца ўдакладняе, што папярэднія рэйсы і якасць абслугоўвання збольшага выклікаюць станоўчыя водгукі пасажыраў.

belsat.eu

Стужка навінаў