Казахстан: на Дзень незалежнасці не падзялілі плошчы


Дэманстрацыя нафтавікоў сутыкнулася з урадавым святкаваннем 20-х угодкаў незалежнасці краіны.

Улады паведамляюць пра напад на паліцыянтаў, незалежныя медыі кажуць пра дзясяткі забітых пратэстоўцаў.

У горадзе Жанґаўэзен (казахск. Жаңаөзен, расейск. Жанаозен) святкаванне ператварылася ў сутыкненні з паліцыяй. Пракуратура краіны кажа аб нападзе хуліганаў, якія збілі паліцыянтаў і разбурылі святочную сцэну.

Паводле газеты “Республика”, на цэнтральную плошчу гораду выйшлі нафтавікі-страйкавікі. Паліцыя адрэагавала, закідаўшы пратэстоўцаў газавымі ды шумавымі гранатамі. Невядомыя людзі, што засталіся на плошчы пасля разгону нафтавікоў, падпалілі навагоднюю ялінку і аўтобус, што стаяў побач з ёй.

Трэба адзначыць, што нафтавікі ўжо сёмы месяц працягваюць пратэст на гэтай плошчы.

Інфармацыя пакуль вельмі супярэчлівая, паводле некаторых медыяў, нафтавікі напалі на паліцыю. Пратэстоўцы, у сваю чаргу, заяўляюць аб правакацыі.

На плошчу былі сцягнутыя праваахоўныя органы. Мясцовыя ўлады падкрэсліваюць, што праваахоўнікі не выкарыстоўвалі зброі, аднак паводле некаторых апазіцыйных медыяў, больш за 20 дэманстрантаў забітыя.

Незарэгістраваная апазіцыйная партыя “Алга!” збірае адмысловую прэсавую канферэнцыю. Як паведаміў “Белсату” яе старшыня Уладзімір Казлоў, сітуацыя ўсцяж няясная. Дакладна вядома адное: улады гораду зладзілі святкаванне Дня незалежнасці на плошчы, дзе працягваўся пратэст нафтавікоў. Тыя паспрабавалі выціснуць людзей з плошчы. Пра тое, што адбывалася далей, нельга казаць адназначна.

“Паводле інфармацыі крыніцаў, якім мы давяраем, пасля таго, як нафтавікі выціснулі людзей з плошчы, невядомыя падпалілі будынак мясцовых уладаў, гатэль, сядзібу арганізацыі, працаўнікі якой пратэставалі на плошчы. Будынкі гэтыя практычна цалкам згарэлі. Пасля гэтага паліцыя выкарыстала агнястрэльную зброю. Але не супраць нафтавікоў, а супраць тых невядомых. Цяпер яны пераследуюць нейкую групу людзей і выкарыстоўваюць агнястрэльную зброю”, – кажа спадар Казлоў.

Як кажа палітык, ягоныя інфарматары паведамляюць пра чатырох забітых, сярод якіх дзяўчынка 1995 года нараджэння, і больш за 30 параненых.

belsat.eu

Стужка навінаў