Мацней зацягнуць паясы


Улады бяруцца за буйныя прадпрыемствы – эканоміць трэба больш, заклікаюць яны

Прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч заявіў, што асаблівую трывогу ва ўраду выклікае пазіцыя шэрагу кіраўнікоў, якія сістэмна не выконваюць заданняў для эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў ды ўтылізацыі цеплавых стратаў. Гэта датычыць такіх прадпрыемстваў, як «Беллёгпрам», «Беллеспаперапрам», «Белнафтахім». Горш за ўсё сітуацыя з энергаэфектыўнасцю склалася ў Віцебскай вобласці. Кіраўнік ураду запатрабаваў ад Дэпартаменту энергаэфектыўнасці заняць больш жорсткую пазіцыю ў адносінах да прадпрыемстваў. «Трэба паўсюдна ўвесці жорсткія, драконаўскія заданні для зніжэння энергаёмістасці без права адмяніць санкцыі за іх невыкананне, – заявіў Міхаіл Мясніковіч. – Каб не заганяць дзяржпрадпрыемствы ў пазыкі, штрафы трэба спаганяць з тых, хто наўпрост нясе адказнасць за гэтае пытанне. І штрафы трэба павялічыць у некалькі разоў».

Незалежныя эксперты мяркуюць, што сітуацыю нельга развязаць толькі рэпрэсіўнымі метадамі – трэба сістэмная праца для павышэння энергаэфектыўнасці прадпрыемстваў. У межах праекту «Ліквідацыя перашкодаў у павышэнні энергетычнай эфектыўнасці» адмыслоўцы чатыры гады працавалі з дзяржаўнымі прадпрыемствамі.

«Гэтак, на ААТ «Краснасельскі-Будматэрыялы» атрымалася скараціць колькасць штогадовых выкідаў парніковых газаў у атмасферу на 7,5 тысяч тонаў, ААТ «Кераміка» (Віцебск) – на 9 тысяч тонаў, ЖКГ гораду Івацэвічы – на 200 тонаў, на прадпрыемстве «Бярозабудматэрыялы» – на 4 тысячы тонаў. У выніку захады, рэалізаваныя на гэтых і шэрагу іншых аб’ектаў, дазваляюць дасягнуць штогадовага скарачэння выкідаў парніковых газаў на 23,5 тысячы тонаў», – кажа кіраўнік праекту Аляксандр Грабянькоў.

Паводле яго, асноўныя праблемы палягаюць у нежаданні адміністрацыі заводаў працаваць паводле новых тэхналогіяў, слабай інфармаванасці кіроўнага апарату, а таксама існуюць бар’еры, звязаныя з недасканалаю беларускаю нарматыўна-прававою базай у гэтай сферы.

belsat.eu

Стужка навінаў