Дэгенерацыя замест рэстаўрацыі


Студэнты БНТУ і Акадэміі мастацтваў прапанавалі альтэрнатыўны праект рэканструкцыі гістарычнага цэнтру сталіцы

Аднаўленне гістарычнага цэнтру Менску застаецца пад пільнай увагаю грамадскасці ўжо цягам некалькіх гадоў. У 2006 г. Менгарвыканкам прыняў рашэнне зацвердзіць горадабудаўнічы праект дэталёвага планавання рэканструкцыі, рэстаўрацыі, аднаўлення і добраўпарадкавання гістарычнага цэнтру, распрацаваны УП «Менскпраект» і УП «Менскграда». Замоўнікам выступіла УП «Менская спадчына», вядомае тым, што давала дазвол на знос гістарычных будынкаў у гістарычным цэнтры гораду.

Пасля зацвярджэння праекту прайшло пяць гадоў. Што адбылося з гістарычным цэнтрам за гэты час, каментуе архітэктар Аляксандр Лары: «Знішчылі больш за палову аўтэнтычнай шараговай гарадской забудовы, досыць вялікі адсотак за некалькі гадоў давялі да аварыйнага стану – гэта будынкі, якія прастаялі 100, 200, а то і больш за 300 гадоў. Будынкі, якія аднаўляюцца або ўжо адноўленыя, у большасці выпадкаў нават не нагадваюць гістарычную забудову, а робяцца прыкладамі сапраўднай «дэгенерацыі» гораду». Эксперт дадае, што на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці не павінны змяшчацца ажно чатыры шматузроўневыя паркінгі, будаўніцтва якіх санкцыянавалі ўлады.

Такая сітуацыя падштурхнула маладых архітэктараў да распрацоўвання альтэрнатыўнай прапановы «Аднаўленне забудовы па вул. Гандлёвай (правы бок) у межах вуліцаў Інтэрнацыянальнай і Максіма Багдановіча». Аднак Міністэрства культуры перакананае, што зацверджаны праект не парушае заканадаўства і цалкам адпавядае канцэпцыі аднаўлення гістарычнай часткі Менску. «Міністэрства разглядала зварот маладых архітэктараў, аднак у зацверджаным праекце парушэнняў не знайшло», – пракаментавала прэсавы сакратар міністэрства Ганна Смольская.

belsat.eu

Стужка навінаў