У ізалятары Бяляцкі чытае кнігі ды вучыць англійскую мову


Пра гэта паведаміла праваабаронца Таццяна Равяка.

Яна атрымала з Жодзінскага следчага ізалятару паштоўку ад Бяляцкага, датаваную 6 снежня. Гэта пакуль адзіная паштоўка, што дайшла да паплечнікаў Бяляцкага пасля ягонага пераводу з Менску.

“Ён піша, што ў яго няма ні газетаў, ні тэлебачання, усё гэта засталося ў СІЗА № 1 у Менску на Валадарскага. Цяпер ён толькі чытае кнігі ды вучыць англійскую мову. Усіх віншуе з Міжнародным днём правоў чалавека, які быў 10 снежня”, – паведаміла праваабаронца.

Равяка была вельмі здзіўленая зваротным адрасам на паштоўцы. “Там напісана, што ягоны адрас – Жодзіна, вуліца Савецкая, дом 22а, к. 212. Асабліва мяне ўразіла гэта – “к. 212”. Як быццам Бяляцкі жыве не ў камеры 212, а ў кватэры 212”, – сказала яна. Праваабаронца адзначыла, што Бяляцкі піша лісты на вельмі прыгожых паштоўках. “Пазітыву ён не траціць. Ён не траціць яго ніколі – за дваццаць гадоў, што мы разам працуем”, – сказала Равяка.

“Пра ўмовы ўтрымання ў Жодзінскім ізалятары нічога не гаворыцца. Калі б былі нейкія праблемы з умовамі ўтрымання або з чымсьці іншым, то ён бы напісаў, і мы б пра гэта ведалі”, – мяркуе Равяка.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага ўладамі праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі 24 лістапада быў асуджаны на чатыры з паловаю гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Яго прызналі вінаватым у хаванні даходаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу).

Каб атрымаць прыгожую паштоўку і проста даслаць словы падтрымання Алесю Бяляцкаму, пішыце на адрас: Алесь Бяляцкі 222160, Менская вобл., г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, турма № 8.

belsat.eu

Стужка навінаў