Лісты Саннікава не праходзяць цэнзуры


Менавіта гэтак абгрунтаваў інфармацыйную блакаду Андрэя Саннікава начальнік калоніі “Віцьба-3”, і зноўку адмовіўся дапусціць да палітвязня адваката.

“Агнісцікаў проста цешыцца з таго, што беспакарана, без усялякіх спасылак на законы, вось гэтак па-хамску можа сябе паводзіць. Маўляў, ён лічыць немэтазгодным, – таму сустрэчаў адваката з падабаронным не будзе. І лістоў таксама не будзе”, – абураецца жонка палітвязня Ірына Халіп. Яна гаворыць, што піша мужу выключна пра хатнія справы, пра малога Даніка, бо на ўласным досведзе дазналася, што іншага не прапусціць цэнзар.

Дарэчы, паводле Ірыны Халіп, тыдзень таму адвакат сустракалася з турэмным цэнзарам, і той запэўніў, што прэтэнзіяў да лістоў Саннікава сваякам ды іхных да вязня ён не мае – усе яны накіроўваюцца адрасатам. “Падазраю, што ў Менску іх складаюць у тую ж скрыню, дзе засталіся мае лісты, якія я пісала бацькам з СІЗА КДБ”, – з горыччу зазначае Ірына Халіп.

Яна гаворыць, што на ўсе скаргі, накіраваныя ў пракуратуру і Дэпартамент выканання пакаранняў, прыходзяць стандартныя адпіскі – заява вывучаная, дзякуй за інфармацыю, парушэнняў не выяўлена. Спадарыня Халіп пэўная, што Андрэя Саннікава ізалююць наўмысна – хай і не зломяць ягоную волю, дык хоць паздзекуюцца.

Экс-кандыдат на прэзідэнта, асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі, цяпер утрымліваецца ў віцебскай калоніі “Віцьба-3”. Андрэй Саннікаў быў этапаваны туды напрыканцы лістапада. Увесь гэты час, нягледзячы на ўсе намаганні, да Андрэя Саннікава не могуць трапіць адвакаты.

belsat.eu

Стужка навінаў