62-гі дзень пратэстаў у Беларусі. Галоўнае

Belsat.eu падводзіць вынікі чарговага дня супрацьстаяння беларускага народу і ўладаў.

Паляванне на журналістаў

Ужо традыцыйна напрыканцы тыдня спецслужбы распачынаюць паляванне на незалежных журналістаў.

У Менску суд пакараў 10 соднямі арышту журналіста газеты «Новы час» Аляксандра Вялітчанку, якога сілавікі затрымалі 8 кастрычніка. Яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі (ар. 23.34 КаАП).

Супрацоўнік ДАІ, які, меркавана, затрымаў Ларысу Шчыракову 9 кастрычніка. Фота затрыманай.

У Гомлі затрымалі журналістку «Белсату» Ларысу Шчыракову: яе спынілі супрацоўнікі ДАІ ў раёне Навабеліцкага маста і даставілі ў пастарунак. Пакуль невядома, у чым яе вінавацяць.

Таксама ў Гомлі затрымалі галоўную рэдактарку «Сильных новостей» Ганну Якштас. Яе вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве і пакінуць да суда ў ІЧУ.

У Менску журналістку Яўгенію Доўгую затрымалі на вуліцы на вачах яе 8-гадовай дачкі. Да суду (то бок мінімум да панядзелка) яе пакінулі ў ізалятары на Акрэсціна.

Затрыманні, збіццё, арышты. Як пераследуюць журналістаў «Белсату» пасля выбараў

Пратэсты і салідарнасць

Раніцай 9 кастрычніка на вуліцы Касманаўтаў пратэстоўцы перакрылі дарожны рух. У руках яны трымалі расцяжкі са словамі «Мы чакалі 26 гадоў, пачакай 10 хвілін» і «5 забітых 13 550 затрыманых, 450 фактаў гвалту, 73 палітвязняў. А ты баішся».

Акцыі салідарнасці таксама адбылася на Партызанскім праспекце і каля парку Чалюскінцаў.

Працягваліся і студэнцкія пратэсты. Студэнты МДЛУ каля будынку ўніверсітэту зладзілі акцыю салідарнасці: спявалі песні і скандавалі «Жыве Беларусь». А навучэнцы БДТУ і БДУІР арганізавалі сядзячы пратэст на прыступках сваіх ВНУ.

Студэнты БДАМ, БДУКМ, журфаку і ФФСН БДУ выказалі салідарнасць з рабочымі.

Акрамя таго, увечары ў розных раёнах Менску людзі ладзілі канцэрты, сяброўскія сустрэчы і святочныя імпрэзы з бел-чырвона-белай сімволікай.

Акцыі салідарнасці таксама адбываліся і ў рэгіёнах.

Лукашэнка правёў вяліку нараду з удзелам сілавікоў

Сігналы з космасу, жаўнеры NATO і 15 тысяч для Ціханоўскай. Топ-12 недарэчных заяваў Лукашэнкі пра падзеі ў Беларусі

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ўлады сарвалі «сцэнар каляровай рэвалюцыі» і ў цэлым трымаюць сітуацыю пад кантролем, «але ніякага самазаспакаення быць не павінна».

«Не трэба мець нейкіх ілюзіяў: ад новых спробаў падарваць абстаноўку ў краіне ніхто не адмовіўся – занялі або чакальную пазіцыю, або гэта новы этап гэтай каляровай рэвалюцыі».

Лукашэнка лічыць, што ў пратэставым руху «з’явіўся большы радыкалізм». Нібыта «радыкалы» спрабуюць уцягнуць моладзь і дзяцей «у нейкую правакацыю».

«Многія людзі проста патрабуюць люта навесці парадак. Я хачу супакоіць іх: у гэтай лютасці, нават жорсткасці сёння няма неабходнасці. Калі такая неабходнасць будзе, яна неадкладна будзе задзейнічаная. Краіну трэба захаваць, калі мы не хочам таго, што адбываецца па перыметры, – падкрэсліў Лукашэнка. – Таму лішняй, неадэкватнай лютасці не трэба. Я прашу прабачэння, вядома, перад часткай менчукоў і прашу іх проста пацярпець».

«Неадэкватнай лютасці не трэба». Лукашэнка зноў выказаўся пра пратэсты

Лукашэнка таксама ўскосна згадаў і пра студэнцкія пратэсты, анансаваўшы кадравыя перастаноўкі ў кіраўніцтве ВНУ.

Дыпламатычная вайна

Пшыдач: Рашэнне Лукашэнкі адклікаць дыпламатаў ударыць па беларусах

Міністэрства замежных справаў Літвы вырашыла адклікаць частку дыпламатаў з Беларусі, але менш, чым патрабавалі беларускія ўлады.

Нагадаем, раней афіцыйны Менск прапанаваў уладам Літвы адклікаць свайго амбасадара і скараціць штат дыпламатычнага прадстаўніцтва з 25 да 14 чалавек. 5 кастрычніка міністр замежных справаў Лінас Лінкявічус паведаміў, што Літва адклікае свайго амбасадара ў Беларусі для кансультацыяў. 9 кастрычніка літоўскі МЗС абвесціў пра адкліканне яшчэ пяцярых дыпламатаў.

«Ацаніўшы розныя акалічнасці і рызыкі, мы вырашылі адклікаць яшчэ пяцярых дыпламатаў у надзеі, што гэтага будзе дастаткова, каб захаваць магчымасць дыялогу. Разам з тым мы падкрэслілі, што будуць ужытыя меры ў адказ, калі Беларусь будзе працягваць у тым жа духу», – заявіла сёння прэс-сакратарка міністра замежных справаў Літвы Раса Якілайтэне.

Такім чынам, Літва скараціла штат дыпламатычнага прадстаўніцтва толькі на 5 чалавек замест 11, на чым настойваў беларускі бок.

«Апошняя апора ўладаў». Як ГУБАЗіК пераўтварыўся ў адзін з галоўных органаў палітычнага пераследу

ІІ belsat.eu

Hавiны