Святар не раіць вазіць дзяцей да Дзеда Мароза ў Белавежскую пушчу


«Там зусім няма беларускіх традыцыяў», – кажа ксёндз.

Выкладчык Пінскай вышэйшай духоўнай семінарыі ксёндз Эдуард Мігай падзяліўся з вернікамі сваімі ўражаннямі наконт паездкі ў так званую сядзібу Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы. «Чакаў убачыць там казку ў беларускіх традыцыях, але, як апынулася, амаль нічога нацыянальнага ў гэтай сядзібе няма. Казку ператварылі ў чыстыя забабоны, – кажа ён. – Так, дзеці хочуць верыць у Дзеда Мароза, але потым прыходзіць момант, калі яны разумеюць, што гэта няпраўда, і ў іх узнікае пустэча. У што тады верыць? Таму лепш расказаць дзецям пра святога Мікалая. Пра тое, што быў такі чалавек, біскуп, які дапамагаў людзям, дарыў ім падарункі».

З такою пазіцыяй не пагаджаюцца прадстаўнікі турыстычнага бізнесу. Сустрэча з Дзедам Марозам – адна з самых запатрабаваных паездак у зімовы час. «Яшчэ восенню мы фармуем адпаведныя туры, і бліжэй да снежня ўжо проста няма вольных месцаў у аўтобусах – вельмі шмат турыстаў (і нашых, і замежных) хочуць паглядзець на Дзеда Мароза, – кажа менеджар агенцтва «Актам» Юлія Стрыжак. – Крытыка каталіцкага святара не апраўданая. Калі кіравацца ягонаю логікаю, то трэба забараніць усе казкі, бо дзеці могуць паверыць і ў чароўную палачку, і ў Бабу Ягу… Але дзеці на Новы год чакаюць менавіта гэтай казкі, таму не трэба забіраць у іх свята!»

Аднак і ў бацькоў ёсць нараканні на працу Дзеда Мароза і ягоных памочнікаў. «Мы прывезлі сваіх дзяцей, каб яны ўбачылі і паразмаўлялі з Дзедам Марозам, але там такі канвеер людзей, што Дзед Мароз не кожнаму дзіцяці можа выдзеліць нават хвілінку сваёй увагі, што ўжо казаць пра гульні, вершы і песні!» – кажа маці двух дзяцей Вольга Караленка.

Каб трапіць у сядзібу казачнага героя, дзецям трэба заплаціць 6,5 тыс. руб., дарослым – 15 тыс. руб. Дзед Мароз прыедзе і ў Менск. Ягоную працу з дзеткамі ацанілі пахвілінна: за пяць хвілінаў размовы трэба будзе заплаціць 15 тыс. руб., 20 хвілінаў каштуюць ужо 45 тыс. руб.

belsat.eu

Стужка навінаў