Аляксандр Муха ў «Гарачым каментары»


Навошта мяняць арганізацыю працы, павышаць эфектыўнасць дзяржаўных прадпрыемстваў і даваць дарогу бізнесу, калі яшчэ не скончыліся ахвочыя пазычыць грошай? “Мадэрнізацыя” і “рынкавыя пераўтварэнні”сёлета захінутыя вонкаваю пазыкаю, якая расце і пакуль яшчэ грэе эканоміку Беларусі. Але дзень, калі яна пачне на эканоміку ціснуць, набліжаецца.

Сукупны доўг Беларусі толькі за першыя дзевяць месяцаў 2011 г. вырас амаль на 15 %. 1 кастрычніка запазычанасць Беларусі склала $ 32 млрд 515 млн. Сума, большая за палову валавога ўнутранага прадукту. Абсалютны рэкорд для Беларусі.

Паводле фінансавага аналітыка Аляксандра Мухі, большая частка вонкавага дзяржаўнага доўгу ляжыць на ўрадзе і Нацбанку.

“Аднак разам з тым нельга забывацца, што агульная запазычанасць краіны ўлучае таксама доўг іншых рэзідэнтаў: прадпрыемстваў, банкаў, а большасць з іх – дзяржаўныя. 32 з паловаю мільярды долараў – гэта вельмі значныя лічбы для Беларусі. Калі браць запазычанасць адносна ВУП, то гэты паказчык складзе каля 100 %”, – кажа спадар Муха.

Аналітык падкрэслівае, што Беларусь наблізілася да вельмі пагрозлівай мяжы з гледзішча эканамічнай бяспекі краіны. Што горш – сярод гэтых $ 32 млрд ёсць і кароткатэрміновы вонкавы доўг – каля $ 13 млрд. Гэтую запазычанасць нашая краіна будзе вымушаная пагасіць цягам найбліжэйшага года. Калі ж далучыць да гэтага адсоткі ды выплату доўгатэрміновай запазычанасці, то ў 2012 г. Беларусь мусіць выплаціць больш як $ 15 млрд.

“Гэта вельмі напружаны графік, і, безумоўна, выплата доўгу будзе аказваць сур’ёзны ўплыў на золатавалютныя рэзервы і курс беларускага рубля”, – зазначыў Аляксандр Муха.

belsat.eu

Стужка навінаў