Чавусаў: Гэта тое, што Аляксандр Рыгоравіч назваў «нахілілі»


Еўразвяз не мае рэальных спосабаў уздзеяння на беларускі рэжым, а Расея можа сабе шмат чаго дазволіць, мяркуе палітолаг Юрый Чавусаў. “Расея не мае патрэбы ажыццяўляць жорсткую палітыку ў дачыненні свайго беларускага контрагента – ён не мае іншага выйсця, акрамя як падпарадкоўвацца Маскве. Гэта тое, што Аляксандр Рыгоравіч назваў “нахілілі”, – падкрэсліў эксперт.

Палітолаг зазначае, што на сённяшні дзень Масква сталася вызначальным, калі не адзіным партнёрам і гарантам фінансавай бяспекі Беларусі. Аднак, паводле эксперта, улады Беларусі яшчэ захавалі за сабою поле для манеўру. “Беларуская мадэль не можа існаваць без вонкавых датацыяў, але не будзем забывацца, што ў пэўныя моманты беларускі рэжым здольны знаходзіць сродкі па-за межамі ўсходняга вектару, – гаворыць Юрый Чавусаў. – У пэўных сітуацыях і Азербайджан, і Кітай, і Іран, і нават Венесуэла выдавалі кароткатэрміновыя крэдыты. А ў наступным годзе праз вызваленне палітычных вязняў, праз гульні вакол парламенцкіх выбараў, праз скасаванне смяротнага пакарання можа адчыніцца “палітычнае акенца” на Захад, дзе “маячыць” крэдыт ад Міжнароднага валютнага фонду”.

Продаж “Белтрансгазу” палітолаг называе “сімвалічным распродажам “фамільнага срэбра”. Паводле чаканняў Масквы, за гэтым мае адбыцца далейшая прыватызацыя беларускіх прадпрыемстваў. Беларускі бок, на думку Чавусава, будзе імкнуцца прадаць гэтыя прадпрыемствы не расейскім прадпрымальнікам. “Мы бачым, як завозяцца ў Беларусь “дэсанты” ўкраінскіх алігархаў, якім прапаноўваюцца беларускія прадпрыемствы – за тое, што ўкраінскі капітал не выстаўляе сістэмных патрабаванняў рэфармавання беларускай гаспадаркі”, – дадаў Юрый Чавусаў.

belsat.eu

Стужка навінаў