Любоў Кавалёва: Мне яшчэ ніхто не сказаў услед, што мой сын кепскі


Гасцямі праграмы “Тыдзень у “Аб’ектыве” былі Любоў і Таццяна Кавалёвы – маці ды сястра асуджанага за датычнасць да тэракту ў менскім метро Уладзіслава Кавалёва. Яны ўпэўненыя, што смяротны вырак, вынесены Вярхоўным Судом, – несправядлівы.

“У судзе мы бачылі толькі дыялог суддзі ды галоўнага абвінаваўцы. Бок абароны не заўсёды атрымліваў магчымасць працаваць. Нават пацярпелыя, што мусілі падтрымліваць бок абвінавачання, былі на баку абаронцы. Калі хлопец не здзяйсняў такога жудаснага злачынства і выносіцца такі вырак, – зразумець гэта вельмі цяжка”, – гаворыць маці асуджанага Любоў Кавалёва.

Падчас праграмы гледачы мелі магчымасць дасылаць на рэдакцыйны нумар СМС-паведамленні, якія паказваліся ў бягучым радку. У большасці гэтых паведамленняў гледачы выказваліся супраць смяротнага пакарання для Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва.

Маці Уладзіслава Кавалёва спадзяецца на памілаванне свайго сына – такое рашэнне можа прыняць Аляксандр Лукашэнка. Любоў Кавалёва ўпэўненая, што ейны сын не здзяйсняў злачынстваў. “Калі Улад рос, ён асаблівых праблемаў ніколі не ствараў. Ён не быў хуліганам. Гадавала я яго адна, а ён бачыў, што мне цяжка… Пайшоў працаваць, ніводнага дня не сядзеў у маці на шыі. Добрыя дачыненні з сябрамі. Мне яшчэ ніхто не сказаў услед, што мой сын кепскі”, – распавяла гледачам “Белсату” Любоў Кавалёва.

Цалкам праграму “Тыдзень у “Аб’ектыве” можна паглядзець тут. Акрамя сваякоў Уладзіслава Кавалёва, у ёй узялі ўдзел праваабаронца Людміла Гразнова, кіраўнік Агенцтва журналісцкіх расследаванняў Сяргей Сацук і былы начальнік СІЗА № 1 у Менску Алег Алкаеў.

У Варшаве таксама адбылася прэсавая канферэнцыя з удзелам Любові Кавалёвай ды Таццяны Кавалёвай.

belsat.eu

Стужка навінаў