Палітвязняў не выпусцяць да выбараў прэзідэнта Расеі?


Праваабаронца Алег Волчак мяркуе, што Аляксандр Лукашэнка не дачакаўся жаданай рэакцыі з боку Захаду на вызваленне з-за кратаў сарака палітвязняў, якое адбылося ўвосень.

Праваабаронцы не могуць атрымаць звестак пра ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, які 16 лістапада трапіў на дзесяць дзён у штрафны ізалятар і абвесціў галадоўку. Паводле Волчака, прычынаю пакарання стала актыўнасць зняволеных, якім Аўтуховіч дапамагаў пісаць скаргі на адміністрацыю калоніі. Фармальнаю ж падставаю стала адмова прадпрымальніка ісці ў сталоўку, хоць дыетычнага харчавання, якое мусіць атрымліваць вязень, там не забяспечваюць.

Належнага харчавання і рэабілітацыі не мае і Зміцер Бандарэнка, стан якога пасля аперацыі на храбетніку пагоршыўся. Адсутнічае сталая сувязь са Змітром Дашкевічам, на якога на загад адміністрацыі калоніі пачалі ціснуць зняволеныя. Мэта – прымусіць маладафронтаўца супрацоўнічаць з кіраўніцтвам і падпісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Такі ж ціск аказваецца на Андрэя Саннікава і Мікалая Статкевіча. Менавіта з гэтай прычыны, як мяркуецца, да іх не пускаюць адвакатаў: каб падапечныя не распавялі праўды.

Алег Волчак падкрэслівае, што ціск з боку іншых асуджаных – новая захада, раней да палітзняволеных яе ніколі не ўжывалі. Праваабаронцы гавораць нават пра небяспеку для жыцця: у любы час у калоніі можна справакаваць сварку паміж зняволенымі.

Праваабаронца мяркуе, што ціск на палітвязняў узмацніўся, бо Аляксандр Лукашэнка не ўбачыў чаканай рэакцыі Захаду, калі з-за кратаў выпусцілі сорак чалавек. Паўплывала, у сваю чаргу, і фінансавае падтрыманне з боку Расеі. “Паводле нашай інфармацыі, да сакавіка не прадбачыцца ніякіх рухаў у справе вызвалення <…> магчыма, нават да выбараў прэзідэнта Расеі [4 сакавіка 2012 г. – belsat.eu]”.

belsat.eu

Стужка навінаў