Савіных: Пазіцыя адносна смяротнага пакарання – пазіцыя ўсёй краіны


Пра гэта прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі паведаміў на брыфінгу ў Менску, каментуючы заяву Рады Еўропы, якая асудзіла вынясенне Вярхоўным Судом смяротнага прысуду абвінавачаным у тэрарызме Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву.

“Пазіцыя адносна смяротнай кары добра вядомая – гэта пазіцыя ўсёй краіны, і тут якіх-небудзь дадатковых каментароў не патрабуецца”, – заявіў ён.

Андрэй Савіных таксама паведаміў, што выдаванне дазволаў згодна з беларуска-латвійскім пагадненнем аб малым памежным руху ў Генеральным консульстве Беларусі ў Даўгаўпілсе і ў консульстве Латвіі ў Віцебску пачнецца 1 лютага 2012 г.

Паводле інфармацыі Савіных, сёння ў Віцебску адбудзецца абмен пісьмовымі паведамленнямі аб выкананні Беларуссю і Латвіяй унутрыдзяржаўных працэдураў, неабходных для набыцця моцы пагаднення паміж урадамі дзвюх краінаў аб спрошчаным парадку ўзаемных паездак жыхароў памежных тэрыторыяў.

Абмен пісьмовымі паведамленнямі дазволіць 1 снежня пачаць фармаванне спісаў жыхароў памежных тэрыторыяў, якія маюць права на адпаведныя дазволы.

“Рэалізацыя пагаднення пазітыўна паўплывае на развіццё двухбаковых сувязяў. У прыватнасці, дазволіць актывізаваць памежную супрацу ў сферах гандлю, турызму, спорту, культуры, пашырыць кантакты мясцовых уладаў і бізнес-колаў. Значна спросціцца парадак уезду на тэрыторыю Беларусі этнічных беларусаў, якія кампактна пражываюць на тэрыторыі Латвіі”, – сказаў Савіных.

belsat.eu

Стужка навінаў