Амбасадар Расеі назваў “разумных” сярод беларускай апазіцыі


Сурыкаў пахваліў «Гавары праўду!», Ляўковіча і «Справядлівы свет».

Усе апазіцыйныя партыі ды рухі, якія хвалюе дабрабыт беларускага народу, пазітыўна ацанілі пагадненні, падпісаныя 25 лістапада ў Маскве на пасяджэнні Вышэйшай дзяржаўнай рады Саюзнай дзяржавы.

Пра гэта заявіў амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў 30 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Менску.

25 лістапада ў падмаскоўных Горках былі падпісаныя кантракты на пастаўку газу ў Беларусь і яго транспартаванне праз тэрыторыю краіны ў 2012–2014 гг. Таксама «Газпром» і Дзяржаўны камітэт маёмасці Беларусі падпісалі дамову куплі-продажу 50 % акцыяў «Белтрансгазу».

Сурыкаў адзначыў, што падпісаныя дакументы ацэньваліся неадназначна, але «нават сярод апазіцыйных партыяў ёсць разуменне, што гэта на карысць народу». У прыватнасці, адзначыў дыпламат, падпісаныя дамовы станоўча ацанілі рух «Гавары праўду!», Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» і сацыял-дэмакратычная партыя на чале з Анатолем Ляўковічам (Ляўковіч лічыць сябе старшынём Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

«Усе, хто разумее, што галоўнае – гэта жыццё людзей, яго паляпшэнне, а не імкненне да ўлады дзеля яе звяржэння, ацэньваюць падпісаныя дакументы разумна», – заявіў Сурыкаў.

Ён нагадаў, што, паводле пагадненняў, сёлета і ў наступным годзе Беларусь атрымае каля 7,3 млрд долараў, а гэта больш за 25 % ВУП краіны. Сурыкаў выказаў спадзяванне, што грошы пойдуць на мадэрнізацыю эканомікі і стварэнне лепш аплочваных і кваліфікаваных працоўных месцаў, а гэта, у сваю чаргу, «азначае павелічэнне падаткаў».

Ён узгадаў і пра негатыўныя ацэнкі пагадненняў у медыях: «Хто замаўляе песню, той і слухае. Гэта я пра фінансаванне некаторых апазіцыйных рэсурсаў».

belsat.eu

Стужка навінаў