Гары Паганяйла ў «Гарачым каментары»


Расстрэл для Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава. Жорсткі вырак у справе сёлетняга выбуху ў Менскім метрапалітэне агучыў першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Беларусі Аляксандр Федарцоў. Суд прыйшоў да высновы, што Кавалёў і Канавалаў ствараюць выключную небяспеку для грамадства – таму да іх трэба ўжыць найвышэйшую кару.

Суд прызнаў Дзмітрыя Канавалава вінаватым у больш як у трыццаці эпізодах, найбольш важкія з якіх – здзяйсненне двух выбухаў у Віцебску ў 2005 г., выбух у Менску ў 2008 г., тэракт у менскім метро сёлета 11 красавіка.

Уладзіслава Кавалёва абвінавацілі паводле больш як дзесяці пунктаў Крымінальнага кодэксу. Гэта пераважна саўдзел у злачынствах – неданясенне пра іх рыхтаванне ў міліцыю. Правасуддзе заявіла, што вінаватасць віцебчукоў цалкам даказаная, аднак высновы следства і суда не пераканалі нават пацярпелых.

Паводле праваабаронцы, судовы разбор не толькі не зрабіў яснымі абставіны справы аб тэракце, а наадварот – толькі паставіў новыя пытанні.

“Адно з галоўных пытанняў – як Канавалаў падрыхтаваў выбуховае рэчыва, якое, паводле экспертаў, немагчыма зрабіць у побытавых умовах? Яно патрабуе грунтоўнай тэхнічнай і прафесійнай падрыхтоўкі, якой абвінавачаныя не маюць. Ёсць і шэраг іншых пытанняў – напрыклад, чаму не прайшоў дактыласкапіі жаўнер Канавалаў? Мы ж ведаем, што паводле закону ягоныя “пальчыкі” мусяць быць у базе звестак”, – зазначыў Гары Паганяйла.

Беларусь застаецца адзінаю краінаю ў Еўропе, дзе смяротная кара выконваецца паводле дзесяці артыкулаў. Праваабаронца мяркуе, што адмова ад мараторыю на смяротнае пакаранне выгадная перадусім уладам. Як паказвае практыка, такая форма правасуддзя, як забойства ў адказ на злачынства, яшчэ ніколі не прыводзіла да паляпшэння крымінагеннай сітуацыі.

“Гэты прысуд я лічу выклікам уладаў Беларусі еўрапейскай супольнасці ды тым цывілізаваным краінам, якія адмовіліся ад выканання смяротнага пакарання. Беларуская сістэма правасуддзя ўжо не раз дэманстравала сваю няздатнасць. І тым больш пры такім суровым прысудзе – у выпадку яго выкання пункту вяртання не будзе”, – падкрэсліў Гары Паганяйла.

belsat.eu

Стужка навінаў