Настаўнікаў будуць звальняць за кепскі голас?


Дыскрымінацыі ў гэтым няма, мяркуюць эксперты

У Беларусі плануюць ўвесці праверку на прафесійную прыдатнасць для прадстаўнікоў «гаваркіх» прафесій. Гэта настаўнікі, спевакі, дыктары і журналісты.

“70-80% людзей, чыя праца звязаная з неабходнасцю пастаянна выкарыстоўваць голас, пакутуюць на дэфекты маўлення, – кажа дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра отарыналарынгалогіі Людміла Макарына-Кібак. – Каб у далейшым прадухіліць развіццё такіх прафесійных захворванняў, была створана база спецыфічных прафесій, работнікі якіх маюць такія праблемы”.

Мяркуецца, што тэхналогія дазволіць таксама адбіраць людзей, якія ў будучыні хочуць працаваць у такіх прафесіях. Ці не стане гэта дыскрымсінацыяй і забаронай на прафесію?

“Я мяркую, што ў гэтай сітуацыі не будзе праблемы, калі працэдуру не выкарыстаюць для адсейвання нейкіх канкрэтных кандыдатаў па дыскрымінацыйных прычынах. Складана ўявіць дыктара, які картавіць ці шапялявіць. У такім выпадку абмежаванні могуць быць уведзеныя, – каментуе Зміцер Чарных, правабааронца і юрыст Беларускага Хельсінскага камітэту. – Што да дэфектаў настаўнікаў, тут у большай ступені пытанне да спецыялістаў, наколькі гэта будзе ўплываць на фармаванне маўлення дзяцей. Такім чынам, калі б існавала працэдура праверкі, адзіныя канкрэтныя крытэры і магчымасць абскарджваць рашэнне, то такая працэдура магла б існаваць”.

belsat.eu

Стужка навінаў