Кавалёва: Прыгаварылі толькі таму, што змяніў паказанні


“Прысуд вынесены не на падставе матэрыялаў справы. Мой сын не вінаваты. Ён не ўдзельнічаў у гэтым жахлівым тэракце”, – заявіла Кавалёва. Яна чарговы раз звярнулася да прэзідэнта Беларусі з просьбаю “не дапусціць судовай памылкі”.

Уладзіслаў Кавалёў прызнаны вінаватым у злосным і асабліва злосным хуліганстве, наўмысным знішчэнні маёмасці, незаконным набыцці, захоўванні, перавозе выбуховых рэчываў і выбуховых прыладаў, неданясенні пра падрыхтоўку асабліва цяжкага злачынства, пра ўчыненне асабліва цяжкага злачынства і пра асобу, якая яго ўчыніла, пра яе месцазнаходжанне, а таксама ў дапамозе тэрарызму.

Паводле ч. 1 арт. 406 Крымінальнага кодэксу Уладзіслаў Кавалёў асуджаны на 3 месяцы арышту; паводле ч. 2 арт. 406 – 1 год пазбаўлення волі; ч. 2 арт. 339 – 2 гады; ч. 3 арт. 339 – 3 гады; ч. 2 арт. 218 – 3 гады; ч. 2 арт. 295 – 4 гады; ч. 3 арт. 295 – 5 гадоў пазбаўлення волі; паводле ч. 6 арт.16 і ч. 3 арт. 289 – найвышэйшая кара ў выглядзе расстрэлу.

Паводле сукупнасці злачынстваў Кавалёў асуджаны на смяротную кару. Як і Дзмітрыя Канавалава, суд прызнаў яго “асобаю, што стварае выключную небяспеку для грамадства”.

“Маці плача. Ёй шкада, што расстрэл. А мне не шкада свайго сына?” – так пракаментавала прысуд у справе аб тэракце ў менскім метро Рыма Дайнека, якая страціла ў выніку тэракту сына Віталя.

Паводле яе, следствам яна задаволеная, а беларускае правасуддзе “працуе добра”. “Я б яшчэ хацела, каб іх вывезлі на пляцоўку і кавалкамі парэзалі – так, як пакутаваў мой сын. Мой сын пакутаваў два тыдні. Быў у коме”, – сказала Дайнека.

Назіральнік Аляксандр Філатаў выказаў сумневы адносна справядлівасці прысуду. “Адна з пацярпелых мела адвагу выказацца. На абвінавачаных не было знойдзена слядоў выбухоўкі – па-мойму, гэта самы галоўны доказ”, – адзначыў Філатаў.

У сваю чаргу віцебскі праваабаронца Павел Левінаў паведаміў, што на імя суддзі Аляксандра Федарцова напісаная заява з просьбаю аб сустрэчы Любові Кавалёвай з сынам. “Яны сустракаліся ўсяго раз, пасля завяршэння папярэдняга следства”, – адзначыў Левінаў.

belsat.eu

Стужка навінаў