Каменданцкая гадзіна: каб не выраслі занадта смелымі


Дзяржава хоча запалохаць грамадзянаў у падлеткавым узросце, каментуе палітолаг Уладзімір Мацкевіч увядзенне «каменданцкай гадзіны» для дзяцей.

Палата прадстаўнікоў у першым чытанні прыняла закон, паводле якога дзецям да 14 гадоў нельга самастойна знаходзіцца ў грамадскіх месцах пасля 22:00. Падлеткам ад 14 да 16 гадоў – пасля 23:00.

Як адзначыў генпракурор Аляксей Стук, у іншых краінах гэты крок дазволіў знізіць узровень падлеткавай злачыннасці. Псіхолаг Дыяна Балыка гаворыць, што ў гэтым сэнсе абмежаванні апраўданыя. Але ж у Беларусі колькасць злачынстваў, здзейсненых падлеткамі, сёлета толькі за першае паўгоддзе і так скарацілася амаль на 20 %.

«З пункту гледжання статыстыкі і назірання за грамадскім жыццём такое рашэнне не матываванае. Тады навошта? А калі паставіць гэты закон у шэраг усіх тых законаў, якія абмяжоўваюць правы чалавека і нашыя свабоды, то робіцца цалкам зразумела», – гаворыць палітолаг Уладзімір Мацкевіч.

Паводле яго, калі падлеткаў не запалохаць, яны вырастуць занадта смелымі і не будуць баяцца, напрыклад, удзельнічаць у акцыях пратэсту. Да таго ж закон па сутнасці дае міліцыянтам права спраўджваць дакументы ў любога маладога чалавека.

belsat.eu

Стужка навінаў