Актывіст «Платформы» жорстка збіты ў міліцыі


Ва ўстанове ўпэўненыя, што збіццё і затрыманне Юрыя Чыгілейчыка звязаныя з ягонай адмовай спыніць супрацу «Платформаю».

«Юрыю ўжо некалькі разоў адкрыта пагражалі, маўляў, не кінеш дапамагаць «Платформе», сам трапіш туды, чые правы абараняеш. А некалькі дзён таму папярэдзілі, што ёсць арыенціроўка яго затрымаць і збіць», – распавёў «Белсату» кіраўнік інфармацыйна-асветніцкай установы «Платформа» Андрэй Бандарэнка. Паводле яго, выглядае Юрый Чыгілейчык жудасна: твар увесь у крывападцёках, адна рука амаль не слухаецца. «Я, нават быўшы ў турме, не бачыў такіх жахаў. Уражанне такое, што Юру закавалі ў кайданкі і білі, нават калі ён упаў. На ім літаральна няма жывога месца», – распавядае Андрэй Бандарэнка.

Паводле яго, кіраўніцтва Завадскога РАУС сцвярджае, што Юрыя ў такім стане даставілі да іх з ізалятара часовага ўтрымання. «Платформа» падрыхтавала скаргу ў Генеральную пракуратуру і запыт у ІЧУ. Андрэй Бандарэнка зазначае, што на вопратцы Юрыя, якую вярнулі сваякам, слядоў збіцця няма, то бок зразумела, што міліцыянты збівалі актывіста ўжо пасля затрымання. «Хутчэй за ўсё, будзе агучаная версія, што Юрый аказаў супраціў прадстаўнікам органаў улады, аднак павінны ж існаваць хоць нейкія межы міліцэйскай жорсткасці», – зазначае Андрэй Бандарэнка.

Юрыя Чыгілейчыка міліцыянты затрымалі пры нявысветленых абставінах у ноч з 26 на 27 лістапада. На сёння вядома, што яму інкрымінуецца ч. 1 арт. 328 («Незаконнае абарачэнне наркатычных сродкаў»). «Мы, вядома, разумеем, што з намі супрацоўнічаюць людзі з небеззаганным мінулым. Але я не веру, што Юрый сапраўды вінаваты. Бо ён неаднаразова гаварыў, што дзякуючы «Платформе» пачаў жыць нармальным жыццём», – зазначае Андрэй Бандарэнка. Паводле яго, Юрый Чыгілейчык пачаў супрацоўнічаць з «Платформай» сёлета ў ліпені з уласнай ініцыятывы. Дзякуючы яму адбылася прэс-канферэнцыя наконт катаванняў у Глыбоцкай калоніі, атрымалі розгалас факты катаванняў у Івацэвічах. «Дзякуючы Юрыю мы дапамаглі шмат каму з палітвязняў. Юрый у свой час таксама быў асуджаны, адбываў пакаранне і дагэтуль карыстаецца аўтарытэтам сярод зняволеных, таму атрымліваць інфармацыю з месцаў зняволення яму ўдавалася без праблемаў», – зазначае Андрэй Бандарэнка. Ён дадае, што «Платформа» зробіць усё магчымае, каб абараніць свайго актывіста.

belsat.eu

Стужка навінаў