60-я гадавіна вугорскага паўстання на «Белсаце»


23 кастрычніка глядзіце ў эфіры нашага тэлеканалу мастацкі фільм «Непахаваны» (а 16:05) і дакументальную стужку «13 гадоў, 13 хвілін» (а 20:00). Фільмы прысвечаныя Вугорскаму паўстанню і антысавецкаму пратэсту ў польскім горадзе Познань 1956 года.

Гістарычная даведка

Вугорскае паўстанне 1956 года – агульнанацыянальнае паўстанне супраць камуністычнага кіраўніцтва Вугорскай Народнай Рэспублікі і ваеннай прысутнасці СССР на тэрыторыі краіны, якое працягвалася з 23 кастрычніка да 10 лістапада 1956 года.

Паўстанне пачалося як студэнцкая дэманстрацыя, падчас якой тысячы маладых людзей прайшлі праз цэнтр Будапешту да будынку парламенту, выкрыкваючы патрыятычныя лозунгі.

У выніку супрацьстаяння з сілавікамі адзін са студэнтаў загінуў. Яго цела загарнулі ў сцяг і паднялі над натоўпам – смерць хлопца стала пачаткам Вугорскай рэвалюцыі 1956 года.

У хуткім часе паўстанне распаўсюдзілася на ўсю Вугоршчыну, у выніку чаго ўрад быў зрынуты.

Новы ўрад афіцыйна распусціў Упраўленне дзяржаўнай бяспекі (аналаг КДБ) ды заявіў пра свой намер выйсці з Варшаўскай дамовы, паабяцаўшы зноў усталяваць свабодныя выбары.

Палітбюро ЦК КПСС не было гатовае змірыцца з гэтым і 4 лістапада савецкія жаўнеры ды тэхніка ўварваліся ў Будапешт і іншыя рэгіёны краіны.

Вугорскі супраціў працягваўся да 10 лістапада. У выніку рэвалюцыі загінула больш за 2500 вугорцаў і 700 савецкіх жаўнераў.

Адкрытае абмеркаванне тых падзеяў дазволілі толькі ў перыяд адлігі 80-х гадоў. На ўрачыстым заснаванні Трэцяй Вугорскай рэспублікі ў 1989 годзе дзень 23 кастрычніка быў абвешчаны нацыянальным святам.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў