60 дзён пратэстаў грамадзянскай супольнасці ў Беларусі

У Беларусі паслявыбарчыя пратэсты працягваюцца ўжо 60 дзён. Belsat.eu падводзіць вынікі дня.

Акцяя падтрымання Беларусі ў Рыме. Фот: чытачы belsat.eu

Амаль 100 палітвязняў і нуль справаў за гвалт з боку сілавікоў

Беларускія праваабаронцы атрымалі адказ пракуратуры на свой запыт, чым жа пракуроры займаліся пасля звестак пра катаванні на Акрэсціна.

«Звесткі, якія вас цікавяць, з’яўляюцца службовай інфармацыяй абмежаванага распаўсюджвання».

Таксама стала вядома, камісію па расследаванні збіцця людзей узначальвае выхадзец з КДБ, намеснік генпракурора Дзмітрый Гора. Дагэтуль камісія не прадставіла ніводнай публічнай справаздачы.

Беларускія праваабаронцы прызналі яшчэ 20 асобаў палітычнымі зняволенымі. Па стане на 7 кастрычніка ў Беларусі агулам 97 вязняў сумлення. Беларускія праваабарончыя арганізацыі выступілі з супольнай заявай, якую публікуе праваабарончы цэнтр «Вясна». Праваабаронцы адзначаюць, што дэманстранты ў Беларусі не ажыццяўлялі дзеянняў, якія падпадаюць пад артыкул Крымінальнага кодэксу аб масавых беспарадках.

Яшчэ 20 чалавек прызнаныя палітычнымі зняволенымі

Працаўнікі сферы культуры супраць дыктатуры

На наступным тыдні выйдзе новы раман Віктара Марціновіча «Рэвалюцыя».

«Зараз «Рэвалюцыя» існуе на трох мовах. Першым выйдзе беларускі варыянт. Шукайце яго ў крамах напрыканцы наступнага тыдня. «Рэвалюцыя» — гэта раман пра ўладу», – піша аўтар.

800 беларускіх дзеячоў культуры падпісалі Адкрыты ліст супраць гвалту і фальсіфікацыяў. Дакумент разашлюць чыноўнікам і ў беларускія і сусветныя СМІ.

Прадстаўнікі сферы культуры заклапочаныя сітуацыяй у Беларусі і перакананыя, што існы крызіс патрабуе неадкладнага законнага вырашэння, інакш наступствы прававога дэфолту адкінуць нашу краіну назад у развіцці і створаць глебу для самавольства і беззаконня. Адзіным выйсцем ў гэтай сітуацыі з’яўляецца тэрміновае правядзенне паўторных выбараў у адпаведнасці з усімі міжнароднымі стандартамі.

Больш за 800 дзеячоў культуры і мастацтва Беларусі патрабуюць спыніць гвалт

Святлана Ціханоўская звярнулася да Нацыянальнай асамблеі Францыі:

«Мы высока цэнім гатоўнасць Францыі і прэзідэнта Эмануэля Макрона садзейнічаць у дазволе беларускага крызісу. Мы яшчэ раз заклікаем улады Беларусі прыняць прапанову Каардынацыйнай Рады і сесці за стол перамоваў пры пасярэдніцтве АБСЕ. Усе злачынствы супраць беларускага народа павінны расследавацца, а вінаватыя павінны абавязкова панесці адказнасць. І я б хацела яшчэ раз нагадаць, што дзеянні для падтрымання ўсеагульнай павагі правоў чалавека не з’яўляюцца ўмяшаннем ва ўнутраныя справы Беларусі».

Сёння стала вядома, што Святлану Ціханоўскую абвесцілі ў вышук у Расеі. Але крымінальная справа ў дачыненні да Ціханоўскай заведзена ў Беларусі. Што да вышуку ў Расеі – то вядзецца галоўным чынам пра міждзяржнаўны вышук, таму яго будуць здзяйсняць на тэрыторыі так званай саюзнай дзяржавы. Падставай для абвяшчэнне ў вышук стаў «артыкул КК», але які менавіта – не ўдакладняецца.

Пераабвешчаны ў вышук у Расеі ўдзельнік прэзідэнцкай гонкі Валерый Цапкала. Улетку ён ужо быў у вышуку. Але ў базе ёсць пазнака, што тая картка вынутая з базы МУС Расеі. Па якім менавіта артыкуле КК шукаюць Цапкалу – невядома.

Кіраўнік МЗС Літвы: Расея прадэманстравала, што Ціханоўскую ў выпадку прыезду ў Беларусь затрымаюць

СК belsat.eu

Hавiны