6 мільёнаў еўраў ЕЗ выдаткуе на падтрыманне кансультацыйнай праграмы малога і сярэдняга бізнесу (Абноўлена)


Еўрапейскі Звяз выдаткуе 6 мільёнаў еўраў на падтрыманне кансультацыйнай праграмы для прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу.

Андрэа Віктарын, кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага Звязу ў Беларусі канстатавала, што ў краіне працягвае паляпшацца бізнес-клімат і ўмовы для працы прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу.

У Інстытуце імя Гётэ ў Менску падвялі прамежкавыя вынікі праекту Еўрапейскага Звязу і Беларусі – MOST

Па словах Віктарын, ЕЗ вырашыў працягнуць праграму кансультацый для малога бізнесу сумесна з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) і вылучыць яшчэ шэсць мільёнаў еўраў на гэтую праграму таму, што бачыць паспяховасць папярэдніх праграм.

Словы спадарыні Віктарын падцвердзілі belsat.eu супрацоўнікі прэс-службы Прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі:

Фінансаванне прадстаўлена ў межах Гадавой праграмы дзеянняў ЕЗ для Беларусі на 2016 год, бо падтрыманне прыватнага сектара, малых і сярэдніх прадпрыемстваў і эканамічнай мадэрнізацыі – адзін з асноўных кірункаў супрацы ЕЗ і Беларусі.

Праграма кансультацыйных паслуг для малога бізнесу ЕБРР прадстаўляе гранты для малых і сярэдніх прадпрыемстваў на прыцягненне кансультантаў для ўдасканалення розных аспектаў бізнесу – ад сертыфікацыі і маркетынгу да распрацоўкі стратэгіі развіцця і экспарту.

У Тўітэры прэс-службы ЕБРР таксама зʼявілася інфармацыя, што праграма падтрымання малых і сярэдніх прадпрыемстваў адзначае пяцігоддзе дзейнасці ў Беларусі. Па выніках працы праграмы ў краіне створана 250 прадпрыемстваў з 1500 рабочых месцаў.

Belsat.eu запытаў старшага саветніка па знешнім сувязям ЕБРР у Усходняй Еўропе Антона Усава, як будзе ажыццяўляцца гэтая праграма:

ЕЗ сапраўды разлічвае вылучыць 6 мільёнаў еўраў на падтрымку МСП ў Беларусі.

Кампаніі адчуваюць на сабе стратэгічныя ваганні. Праграма падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу дапамагае ім знайсці экспертаў, кансультантаў.

Аднак паслугі экспертаў аплачваюць самі прадпрымальнікі. Асноўныя паказчыкі паспяховасці праекта – вядома, KPI, і па выніках вырабленай працы кампанія мае права на кампенсацыю паслуг кансультанта на суму да 10 тысяч еўраў. У дарагіх праектах сума кампенсацыі можа дасягаць 50-60 тысяч еўраў.

Больш інфармацыі пра ўмовы ўдзелу ў праграме і форму заяўкі можна атрымаць тут.

ВД, belsat.eu

Стужка навінаў