Сястра Уладзіслава Кавалёва: Дзяржаўныя медыі агітуюць за пакаранне


“Спадзяюся, грамадскасць, нашыя людзі, не дадуць забіць хлапцоў. Хаця б дзеля таго, каб даведацца імёны сапраўдных выканаўцаў. Мы вельмі спадзяемся на дапамогу людзей”, – заявіла Таццяна Кавалёва, сястра Уладзіслава Кавалёва, якога вінавацяць у датычнасці да тэракту ў менскім метро.

“Мы спрабуем данесці да людзей праўду. Не тое, што даносяць дзяржаўныя медыі да людзей: гэта ідзе агітацыя, каб убіць ім у галаву, што яны (Кавалёў і Канавалаў. – belsat.eu) сапраўды вінаватыя. А людзі як гавораць? Мы на судзе не былі, мы паслухалі радыё і пачыталі газету. І мы лічым, што іх трэба пакараць смерцю. Людзі не чыталі незалежных медыяў, не хадзілі ў суд, але робяць такія высновы”, – падкрэслівае Таццяна Кавалёва.

Паводле Таццяны Кавалёвай, у невінаватасці ейнага брата ўпэўненыя не толькі родныя, але і ўсе, хто ведаў Уладзіслава асабіста. “Калі людзі даведваюцца, што майго брата арыштавалі паводле падазрэння, а цяпер вінавацяць, – усе ў шоку. Яны не могуць зразумець, як Улад мог трапіць у такую сітуацыю, бо яны яго добра ведаюць і разумеюць, што ён такога здзейсніць не мог”, – падкрэслівае сястра падсуднага.

Таццяна Кавалёва таксама лічыць, што Дзмітрый Канавалаў прызнаў сваю віну пад ціскам і таму, што быў запалоханы. “Мне здаецца, тут стаіць пытанне аб сям’і – затрымлівалі ягонага брата, ягонага бацьку. Маці захварэла на сэрца. Відаць, пужалі сям’ёю”, – мяркуе сястра падсуднага.

Вырак Уладзіславу Кавалёву і Дзмітрыю Канавалаву суд агучыць 30 лістапада. Дзяржаўны абвінаваўца Аляксей Стук запатрабаваў для падсудных смяротнай кары. Ён лічыць, што віна жыхароў Віцебску ў здзяйсненні тэракту ў менскім метро сёлета 11 красавіка цалкам даказаная.

Учора беларускія праваабаронцы выступілі з заяваю, якая асуджае патрабаванне дзяржаўнага абвінаваўцы ўжыць смяротнае пакаранне ў дачыненні Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. Праваабаронцы канстатуюць, што расследаванне справы аб тэракце ў менскім метро і ўвесь судовы працэс не былі ясныя і пераканаўчыя. Яны адзначаюць сур’ёзныя працэсуальныя парушэнні падчас папярэдняга расследавання і судовага разбору.

belsat.eu

Стужка навінаў