Волчак: Мы разлічваем, што грамадства не дапусціць расстрэлу


Следства ў справе аб тэракце ў менскім метро правялі нездавальняюча, з перавышэннем службовых паўнамоцтваў следчай групы. Такую ацэнку даў праваабаронца, былы следчы пракуратуры Алег Волчак на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Паводле яго, прааналізаваўшы выбухі 2008 г. у Віцебску і 2011 г. у Менску, ён прыйшоў да высновы, што іх арганізатарамі былі розныя людзі. «Мы разлічваем, што грамадскасць акажа ціск, і суд не дойдзе да найвышэйшай меры», – заявіў праваабаронца.

Ён адзначыў, што на падставе доказаў, якія прадставіла следства, наогул нельга будаваць абвінавачванне.

«Паверце мне як ветэрану Афганістану. Я служыў у інжынерна-сапёрнай роце, і не кожны афіцэр валодаў такімі ведамі, каб мог вырабіць такое выбуховае прыстасаванне, якое спрацавала ў менскім метро», – заявіў Волчак.

Праваабаронца лічыць справу не расследаванаю: «Не ўстаноўлены ні замоўца, ні здзяйсняльнік тэракту. Эксперты Федэральнай службы бяспекі Расеі выразна сказалі, ажно да абласцей, дзе было вырабленае выбуховае прыстасаванне. Не ў Віцебску. Але ніякіх следчых дзеянняў для выяўлення месца вырабу выбуховай прылады праведзена не было. Далей. Я бачыў запіс першага допыту Канавалава. Як следчы я быў у шоку. Ясна, што чалавек не мог даваць паказанні. Але следства не зрабіла нічога, і допыт працягваўся. Далей – болей. Спачатку нам па тэлевізары кажуць, што Канавалава ўзялі «без шуму і пылу», а потым у яго выяўляюць цялесныя пашкоджанні: нібыта ён аказаў супраціў «Алмазу» [cпецпадраздзяленне МУС для барацьбы з тэрарызмам]. Навошта нам патрэбны «Алмаз», калі яго могуць збіць два хлопцы?» – падкрэсліў праваабаронца.

14 лістапада намеснік генеральнага пракурора Аляксей Стук папрасіў Вярхоўны суд прысудзіць Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава да найвышэйшай меры – смяротнага пакарання. Абвінавачванне лічыць, што вінаватасць падсудных ва ўсіх эпізодах пацвярджаецца вывучанымі ў судзе доказамі, і акалічнасці, якія змякчаюць віну абвінавачаных, не выяўленыя. Абвінаваўцы разглядаюць Канавалава і Кавалёва як «выключна небяспечных для грамадства і дзяржавы».

belsat.eu

Стужка навінаў