Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання Канавалава і Кавалёва


Беларускія праваабаронцы выступілі з заяваю, якая асуджае патрабаванне дзяржаўнага абвінаваўцы ўжыць смяротнае пакаранне ў дачыненні Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, абвінавачаных у справе аб тэракце ў Менску 11 красавіка 2011 г.

Паводле праваабаронцаў, смяротная кара не мае сэнсу, бо не выпраўляе здзейсненага, не вядзе да пакаяння і ўсведамлення злачынцам сваёй віны ды не спыняе іншых злачынцаў.

“Шчыра падзяляючы гора і пакуты ахвяраў злачынстваў ды іхных родных, мы канстатуем, што працэдура смяротнага пакарання, прынятая ў Беларусі, пры якой целы расстраляных не выдаюцца, не паведамляецца пра месца пахавання і часу пакарання, – гэта бесчалавечнае абыходжанне з сем’ямі асуджаных на смерць. Неабходна спыніць эскалацыю жорсткасці ды гвалту”, – гаворыцца ў адмысловай заяве.

Што да судовага разбору крымінальнай справы Канавалава і Кавалёва, праваабаронцы канстатуюць, што расследаванне справы аб тэракце ў менскім метро і ўвесь судовы працэс не былі ясныя і пераканаўчыя. Яны адзначаюць сур’ёзныя працэсуальныя парушэнні падчас папярэдняга расследавання і судовага разбору.

belsat.eu

Стужка навінаў